Кампанія па прызыве на тэрміновую службу ў арміі па дасягненні 18-гадовага ўзросту працягваецца і ў 2024 годзе. Як зазначыў ваенны камісар раёна Кірыл Шаўчэнка, прызыўныя планы ўключаюць веснавое і восеньскае мерапрыемствы па адпраўцы маладога папаўнення ў беларускія Узброеныя Сілы. І ў красавіку гонару абараняць Радзіму, спасцігаць розныя ваенныя навукі былі ўдастоены 60 юнакоў.
Па словах начальніка групы прызыву райваенкамата Андрэя Якімовіча, «ухілістаў» падчас гэтай кампаніі няма. Ёсць закончаныя адтэрміноўкі, таму пад прызыў у красавіку трапілі не толькі 18-гадовыя юнакі, але і больш старэйшыя, нават тыя, каму споўнілася 26 гадоў.
Служыць пружанцам давядзецца ў сілах спецыяльных аперацый, авіяцыі і супрацьпаветранай абароны, унутраных або пагранічных войсках. Разнастайная і «геаграфія», якая ўключае ў сябе Брэст, Мінск, Слонім, Гродна, Барысаў і іншыя гарады Беларусі.
Традыцыйна фінальнае мерапрыемства кампаніі — Дзень прызыўніка — прайшло ва ўрачыстай абстаноўцы ў гарадскім Палацы культуры. Юнакі атрымалі дакументы на адпраўку ў вайсковыя часці.
Са словамі віншавання і парадамі да будучых вайскоўцаў звярнуліся старшыня раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Уладзімір Яцкевіч, кіраўнік ваенна-патрыятычнага клуба «Беркут» Міхаіл Зелянееў.
Святар Свята-Аляксандра-Неўскага храма іерэй Дыянісій Папоў блаславіў прызыўнікоў на ратную працу.
Добры і прыўзняты настрой будучым салдатам стваралі выступленні салістаў студыі «Меладзін».
Алег Сідарэнка.
Фота Кацярыны Масік
Фотаальбомы з мерапрыемства шукайце тут: https://vk.com/album-23306785_302328191 і https://ok.ru/budni/album/977575745928