Понедельник, 13 мая 2024

Калонка галоўнага рэдактара. Вітаем кожнага падпісчыка!

253

Не толькі вясна набірае сілу, у актыўную фазу ўвайшла падпісная кампанія на ІІ квартал 2024 года.

Увесь калектыў рэдакцыі раённай газеты «Раённыя будні» рады вітаць усіх, хто аформіў ці збіраецца аформіць падпіску на наша выданне.

«Раёнка» застанецца вернай сваім традыцыям, якія фарміраваліся на працягу не аднаго дзесяцігоддзя. Гэта значыць, што мы будзем расказваць пра гісторыю роднага краю, Пружаншчыну, Брэсцкую вобласць, дарэчы, нашаму рэгіёну ў гэтым годзе спаўняецца 85 гадоў з дня ўтварэння. Разам з вобласцю нарадзілася і раённая газета, якой таксама ў кастрычніку спаўняецца 85 гадоў. Мы працягнем серыю публікацый аб людзях раёна, яго перадавіках. Разам з тэлеканалам «Пружаны ТВ» мы распачынаем серыю публікацый. Размова пойдзе пра самабытнасць, традыцыі, культурныя набыткі вёсак Пружаншчыны.

Першая ў чарадзе публікацый вёска Стараволя. У мінулым месяцы мы пабывалі ў гэтай слаўнай вёсцы, сустрэліся з яе жыхарамі. Дырэктар Старавольскага сельскага клуба-бібліятэкі Наталля Дарошчанка была такім цікавым гідам па гістарычных традыцыях вёскі, што мы з захапленнем слухалі яе расказы, аглядалі вырабы прыкладного мастацтва, спрабавалі традыцыйныя стравы. Пасля пабывалі ў гасцях у жыхароў вёскі. Было вельмі цікава. Але пра гэта больш падрабязна мы раскажам крыху пазней. Спадзяюся, што да нашага праекта далучацца і астатнія кіраўнікі дамоў культуры раёна. Вельмі жадаем пабываць у кожнай вёсачцы, сустрэцца з людзьмі — захавальнікамі традыцый і нашымі самымі адданымі чытачамі.

Газета будзе расказваць пра дзейнасць прафсаюзаў, лідараў пярвічак, актыву. Не застанецца ў баку, а яшчэ больш будзе набіраць абароты ўскрыццё праблем, сумеснага пошуку іх вырашэння, будзем паказваць як было і як стала.

Будзе яшчэ шмат чаго цікавага. Толькі заставайцеся з намі — і самі ўсё ўбачыце, прачытаеце.

Аформіць падпіску можна як у аддзяленнях паштовай сувязі, дастаўшчыкаў пошты, паштальёнаў, так і ў самой рэдакцыі. Хто добра сябруе з інтэрнэтам, падпіску можна таксама аформіць на сайце www.belpost.by.

Заставайцеся з намі! Свая газета павінна быць у кожным доме, кватэры, кабінеце, офісе.

Віктар Ільюшчанка