Понедельник, 2 декабря 2024

Нечаканыя вобразы, заслужаныя ўзнагароды і папаўненне ў пружанскай камандзе. Як прайшлі рэспубліканскія спаборніцтвы па фігурным катанні «Кубак Пераможцаў»

298

Чарговы сезон спаборніцтваў у фігурыстаў краіны падыходзіць да завяршэння. Думаю, што мясцовыя аматары прыгожага і грацыёзнага віду спорту — фігурнага катання — успомняць, што адкрывалі яго ў жніўні мінулага года якраз турнірам у Пружанах. Пасля наш Лядовы палац прымаў яшчэ адны спаборніцтвы ў кастрычніку. І вось, нарэшце, пасля пяці месяцаў перапынку, сюды зноў з’ехаліся фігурысты з розных рэгіёнаў Беларусі, каб пазмагацца за «Кубак Пераможцаў». Менавіта так называліся Адкрытыя рэспубліканскія спаборніцтвы па фігурным катанні, якія праходзілі ў нашым горадзе з 18 па 21 красавіка.

На лёдзе — Марыя Мардуева.

Скажам адразу: танцавальных пар ці сінхраністаў на гэты раз не было. Аднак не менш цікава было назіраць за выступленнямі адзіночнікаў. Геаграфічна яны прадстаўлялі чатыры вобласці краіны: Брэсцкую, Мінскую, Гродзенскую і Гомельскую, або 10 гарадоў Беларусі, уключаючы Пружаны. На лёдзе змагаліся як навічкі і юныя фігурысты, так і ўладальнікі пэўных спартыўных, юнацкіх разрадаў, прыехалі кандыдаты ў майстры спорту, зацікавіў турнір нават фігурыстаў-аматараў.

Міхаіл Князеў з адвольнай праграмай.

Прызнацца, перад тым, як адправіцца назіраць за пракатамі фігурыстаў у Лядовы палац, заўсёды ўважліва вывучаю стартавыя пратаколы, шукаючы, хто ж прадстаўляе нашу СДЮШАР № 2 на гэты раз. Праглядаючы спісы ўдзельнікаў «Кубка Пераможцаў», заўважаю імя… хлопчыка. Тэлефанаванне трэнеру Вользе Уважанай пацвердзіла: гэта не памылка, у групе фігурыстаў пасля невялікага перапынку і пераходу Васіля Барахоўскага ў Мінск нарэшце з’явіўся менавіта маленькі спартсмен.

Мішу Князеву пакуль толькі пяць. Упершыню на пружанскі лёд ён выйшаў у верасні мінулага года. Аб’яву аб наборы новай групы ўбачыла мама Таццяна Уладзіміраўна. Яна ж прызналася: у дзяцінстве з захапленнем глядзела выступленні фігурыстаў па тэлевізары. Займацца ў Пружанах тады яшчэ магчымасці не было. Нерэалізаваную дзіцячую мару мамы зараз увасабляе ў жыццё сын. Міша кажа, што займацца падабаецца, любіць і трэніроўкі на лёдзе, і заняткі па харэаграфіі ў зале, наведвае і сеансы масавага катання.

Міша Князеў з трэнерамі Таццянай Хадаровіч і Вольгай Уважанай.

З захапленнем сустрэлі новага члена каманды і ўжо вядомыя чытачам фігурысткі. Цяпер яны падтрымліваюць адно аднаго. Бацькі ж Таццяна Уладзіміраўна і Андрэй Генадзьевіч разумеюць: у Міхаіла ёсць усе шанцы ў будучым заявіць пра сябе і стаць у адзін рад з такімі выпускнікамі пружанскай школы, як Яўген Пузанаў, Мікалай Казлоў і Васіль Барахоўскі. Дарэчы, менавіта на Васю і раўняецца маленькі фігурыст, сочыць за яго поспехамі, выступленнямі і сацыяльнымі сеткамі, а яшчэ марыць пра сумеснае фота.

Ну, а пакуль на фота Мішу разам з трэнерамі зафіксавалі мы. Усё таму, што па выніках пракату адвольнай праграмы Міхаіл Князеў заняў другое месца сярод навічкоў-хлопчыкаў. Годны вынік для першых у жыцці спаборніцтваў!

На трэцяй прыступцы — Марыя Новік.

Не адсталі ад Мішы і навічкі-дзяўчаты, з якімі мы ўжо знаёмілі чытачоў. Дарэчы, першым турнірам многіх з іх таксама стаў «Кубак Пераможцаў» у Пружанах. Праўда, мінулагодні. На гэты ж раз сярод дзяўчынак старэйшай групы бронзавую ўзнагароду па выніках адвольнай праграмы заваявала Марыя Новік.

Алёна Шэпель падчас пракату адвольнай праграмы.

А вось у групе «Б» сярод малодшых дзяўчынак п’едэстал поўнасцю занялі навічкі з пружанскай СДЮШАР. Першая тут Алёна Шэпель, на другім месцы — Сафія Труш, бронзавая ўзнагарода — у Кіры Касцючэнка. Трэба сказаць, што адрыў у балах паміж дзяўчынкамі мінімальны. У сваёй жа групе нашы дзяўчынкі абышлі навічкоў з Брэста і Баранавіч. Адзначу таксама, што ўсе абсалютныя пераможцы ў сваіх разрадах, уладальнікі першых месцаў, разам з медалём атрымлівалі вялікі прыгожы кубак. Той самы кубак пераможцы, згодна з назвай турніру.

«Мэры Попінс» на лёдзе.

Здолелі здзівіць і іншыя фігурысты. Перш за ўсё — мастацтвам спалучэння цікавых пракатаў на лёдзе з пэўным вобразам: ад Мікі Маўса і іншых мульцяшных герояў у самых маленькіх да Мэры Попінс і Уэнсдэй Адамс у крыху старэйшых.

Крысціна Валасюк у вобразе Уэнсдэй Адамс падчас адвольнай праграмы.

Якраз у вобразе апошняй кінагераіні выйшла на арэну Крысціна Валасюк падчас адвольнай праграмы. Тут размясцілася на другім радку пратакола.

Крысіцна Валасюк выступае з кароткай праграмай.

Днём раней выступала з кароткай праграмай, дзе стала трэцяй. У выніку гэта дазволіла Крысціне атрымаць сярэбраную ўзнагароду рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод малодшых дзяўчат у 2-м спартыўным разрадзе.

На лёдзе — Кацярына Папічыц.

Цудоўна выступіла на турніры прадстаўніца СДЮШАР № 2 Кацярына Папічыц. Пасля кароткай праграмы яна была другой, аднак здолела сабрацца на адвольнай, дзе паказала найлепшы пракат. У выніку — першае месца ў другім спартыўным разрадзе. Праўда, у безмедальнай групе «Б». Верым, што наперадзе ў фігурысткі яшчэ больш значныя дасягненні.

Прохар Прусакоў падчас кароткай праграмы.

Хочацца спадзявацца, што яны ж стануць вынікам і для іншых фігурыстаў пружанскай каманды, трэніруюцца якія, нагадаем, пад кіраўніцтвам Вольгі Уважанай і Таццяны Хадаровіч. Што ж, чакаем добрых навін ужо ў новым сезоне і цікавых турніраў на дамашняй арэне ў Пружанах.

Уладзіслаў Шпарла

Фота аўтара, Кацярыны Масік і фотастудыі INRAYS DANCE

Больш фота — у альбомах: https://vk.com/album-23306785_302418250 і https://ok.ru/budni/album/977930676104