Воскресенье, 8 декабря 2024

У філіяле «Айчына» ААТ «Белавежскі» мяркуюць перасягнуць мінулагоднюю ўраджайнасць бульбы. Паглядзіце, як саджалі «другі хлеб»

288

З упэўненасцю можна сказаць, што бульбаводы нашага раёна, як і заўсёды, не падвядуць і парадуюць нас рознымі сартамі другога хлеба і багатым ураджаем. Каб толькі яшчэ надвор’е спрыяла, якое ў апошні час падносіць свае, часам не вельмі прыемныя, сюрпрызы.

Сёлета план па бульбе для гаспадарак Пружаншчыны — ААТ «Ружаны-Агра», РУП «Брэсцкая АСГДС» і філіяла «Айчына» ААТ «Белавежскі» — 260 га. Ружанцы першымі ўкінулі клубні ў зямлю і ўжо закончылі пасадку на 70 гектарах. Прыняліся за пасадку і ў філіяле «Айчына», плошчы пад бульбу ў якім не першы год самыя вялікія ў рэгіёне — 150 га. У гэтую гаспадарку і выехалі карэспандэнты «раёнкі».

Галоўны аграном Дзмітрый Цімановіч.

Спачатку сустрэліся з галоўным аграномам сельгаставарыства Дзмітрыем Цімановічам. Пасада Дзмітрыя Ігаравіча абавязвае яго быць заўсёды на сувязі, аператыўна вырашаць пытанні, каб не ўзнікала прастояў падчас пасяўной кампаніі. Без лішніх эмоцый і граматна галоўны аграном даваў распараджэнні і слушныя парады. Гэтак жа па сутнасці адказаў і на нашы пытанні наконт пасадкі бульбы.

У «Айчыне» сёлета будзе пасаджана пяць сартоў бульбы. Самыя вялікія плошчы адведзены пад «брыз» 1-й рэпрадукцыі. А яшчэ будуць «здабытак» і «ветразь» (1-й рэпрадукцыі), «маг» (эліта), «нара» (суперэліта). У філіяле пільна адсочваецца попыт на асобныя сарты бульбы, адсюль, зразумела, і размеркаванне гектараў. Немалаважную ролю ў попыце на тавар адыгрывае лёжкасць клубняў: пакупнік звяртае ўвагу не толькі на смак, але і таварны выгляд прадукту. Спыталіся і пра тэрміны выспявання. У сельгаставарыстве гэта сярэднія і познія сарты.

Дарэчы, марыць ніхто не забараняе: мінулагоднюю ўраджайнасць другога хлеба ў 277 ц/га ў філіяле «Айчына» ў бягучым годзе мяркуюць перасягнуць. А для гэтага яшчэ на этапе падрыхтоўкі глебы пад пасадку бульбы добра пастараліся. Своечасова ўнеслі арганіку ў разліку 60 т на 1 га. Не забыліся і пра мінеральныя ўгнаенні: на адзін гектар было ўнесена калію 180 кг дзеючага рэчыва, 50 кг д.р. фосфару і 70 кг д.р. азоту.

Сам працэс пасадкі мы ўбачылі на палетку каля аг. Кабылаўка. Шпарка і акуратна саджалася бульба двума трактарамі «Беларус 1221.3» з саджалкамі «Грымэ». Адметнасць прычапных апаратаў у тым, што падчас пасадкі клубняў адразу адбываецца іх пратручванне прэпаратам «ВАЙБРАНС МАКС», што ў наступным абароніць бульбу ад хвароб і шкоднікаў.

І даручана дадзеная работа вопытным механізатарам. Напрыклад, Валерый Кухта прысвяціў сельскай гаспадарцы ўсё жыццё, працуе на зямлі ўжо 40 гадоў. Ураджэнец Камянеччыны пасадкай менавіта бульбы ў ААТ «Белавежскі» і насельніцтву займаецца ўжо 13 гадоў.

Дырэктар філіяла «Айчына» ААТ «Белавежскі» Андрэй Голдзінаў.

Па словах дырэктара філіяла «Айчына» Андрэя Голдзінава, Валерый Уладзіміравіч — вельмі вопытны механізатар, перадавік вытворчасці, сумленны чалавек. У ім сумнявацца не даводзіцца. Па заслугах Валерый Кухта першы ў Беларусі атрымаў камбайн «КЗС-1624», тэсціраваў яго, уводзіў у эксплуатацыю, настройваў. І наогул да любой справы адносіцца вельмі сур’ёзна, загадзя падрыхтоўвае тэхніку, каб працавала як гадзіннік. За добрасумленнае стаўленне да сваёй работы трактарыст-машыніст у бягучым годзе атрымаў новы трактар.

Механізатары Валерый Кухта і Віктар Кукса.

Канечне, Віктар Кукса па стажы саступае свайму калегу, бо мае за плячыма амаль 19 гадоў працы на вёсцы. Але гэта не значыць, што механізатар прыкладае менш намаганняў для таго, каб дабрабыт гаспадаркі рос кожны дзень, быў хлеб на стале і да хлеба. Як гаворыць Віктар Сяргеевіч, яму работы ў сельгаставарыстве хапае круглы год, яе ён не цураецца і не баіцца, таму ад кожнага працоўнага дня атрымлівае пазітыў і зарад энергіі.

Напрыканцы жадаем аднаго: расці, бульба, вялікая і… яшчэ большая! А прымяненне мы, беларусы, табе знойдзем.

P.S. На момант выхаду газеты бульбаводы філіяла «Айчына» ААТ «Белавежскі» таксама «святкавалі кветку» — завершылі пасадку бульбы.

З чым іх і віншуем!

Вадзім Раўнейка.

Фота Кацярыны Масік