Суббота, 27 апреля 2024

Шумеў, гудзеў кірмаш пружанскі…

1 934

Сезон спецыялізаваных сельскагаспадарчых кірмашоў на Пружаншчыне стартаваў у Шарашэве, праз тыдзень эстафету перанялі Ружаны. А ў мінулую нядзелю сельгаспрадукцыю і не толькі можна было купіць і ў райцэнтры. 

Гандаль у Пружанах, як звычайна, разгарнуўся адразу на некалькіх пляцоўках: на частцы вуліцы Савецкай, на плошчы паміж Белымі лаўкамі і царквой, на стаянцы за Палацам культуры, на вуліцы Камсамольскай. Знайсці тут можна было разнастайныя тавары — ад агародніны да адзення.
Сельскагаспадарчай прадукцыяй гандлявалі як гаспадаркі раёна, фермеры, так і фізічныя асобы, якія прадавалі лішкі таго, што вырасла ў іх на ўчастках. Як удакладнілі ў аддзеле эканомікі райвыканкама, цэнаўтварэнне было свабодным: кожная арганізацыя распрацоўвала сваю коштавую палітыку, згодна з якой фарміравала цэны на тавары, якія рэалізоўвала. Вытворцы сельгаспрадукцыі, відавочна, маглі сабе дазволіць устанавіць цану крыху ніжэйшую за тую, па якой яе прадавалі нарыхтоўшчыкі. Напрыклад, ААТ «Пружанскае» прадавала моркву па 45 капеек за кілаграм, буракі — па 40 капеек. У філіяла «Прадтавары» цэны на гэтую агародніну былі на некалькі капеек вышэйшыя — 50 і 43 капейкі адпаведна. Затое у машынах філіяла райспажыўтаварыства адразу можна было закупіцца літаральна любой агароднінай: бульбай, капустай, перцамі, памідорамі, цыбуляй, часнаком… Тут нават прапаноўвалі мёд і журавіны.

На прылаўках фермерскіх і прыватных гаспадарак, а таксама фізічных асоб пакупнікоў стараліся прывабіць і разнастайнасцю, і цэннікамі: часнок з прыватнага падворка, напрыклад, можна было купіць за 3 рублі 50 капеек, у той час калі «Прадтавары» прадавалі яго даражэй — па 4 рублі. Цэны на памідоры асабліва не вагаліся і адрозніваліся ўсяго на пару капеек. За кілаграм баклажанаў, вырашчаных фізічнымі асобамі, прасілі 2 рублі, агуркоў — 2 рублі 70 капеек. Найбольш прываблівая цана, якая была на капусту, — 35 капеек, астатнія прадавалі яе пераважна па 40 капеек. Цана на яблыкі вагалася ў залежнасці ад гатунку: і 30 капеек, і 40, і 50, і 57, і 60, і 70 капеек за кілаграм. Тое ж тычылася і бульбы: прыватнік з Івацэвіч, напрыклад, прадаваў «галу» па 25 капеек, столькі ж каштаваў «скарб» і «вектар» з Белавусаўшчыны, а таксама гэтыя караняплоды з ААТ «Айчына» і ААТ «Ружаны-Агра», бульба з доследнай станцыі — 30 капеек. 

Варта адзначыць, на прылаўках фізічных асоб можна было знайсці і больш арыгінальны тавар: напрыклад, жыхар Вялікіх Якавіч прадаваў свежую маліну — па 4 рублі за кілаграм, грэцкія арэхі (дробныя — па 4 рублі, буйныя — па 7 рублёў). А жанчына з Пружан нават прапаноўвала грыбы: за кілаграм маслякоў яна прасіла 5 рублёў, зялёнак — 6 рублёў, а белых — 14 рублёў. ТАА «Сады Прыбужжа», акрамя яблыкаў розных гатункаў, прывезла пекінскую капусту і гарбузы для кашы.

У параўнанні з мінулымі гадамі прыкметна большым сёлета быў выбар саджанцаў. Напрыклад, фермерская гаспадарка «Брукіш», што пад Гроднам, прадставіла на кірмашы шырокі асартымент саджанцаў пладовых дрэў і кустоў, сярод якіх былі буякі, агрэст, ажыны, бружмель, вінаград, а таксама хваёвыя. У якасці сваёй прадукцыі пераконвала гаспадыня прыватнага гадавальніка І.В.Каўрыга, якая займаецца вырошчваннем разнастайных саджанцаў больш за 20 гадоў. СФГ «Тытул-Агра» прадавала кусцікі клубніцаў, буякоў.
Акрамя таго, на кірмашы можна было купіць жывую рыбу: ААТ «Вопытны рыбгас Сялец» прывёз на рэалізацыю каля 400 кг карпаў і таўсталобікаў.
На пляцоўцы за Палацам культуры гандлявалі сельгасарганізацыі: філіял РУП «Брэстэнерга» ААТ «Аграэнерга Зеляневічы» прадавала ячмень (па 20 рублёў за мех), ААТ «Ліноўскае» — кукурузу (42 капейкі за кілаграм) і бульбу (25 і 27 капеек у залежнасці ад гатунку), Пружанскі каледж — трыцікале і бульбу… Амаль усе 5,5 тоны трыцікале, якія прывезлі з ААТ «Агра-Калядзічы», былі прададзены (кошт 40-кілаграмовага меха — 20 рублёў). Мяркуючы па тым, што машыны ААТ «Велікасельскае Агра» і ААТ «Шані-аграпрадукт» яшчэ да абеду вызвалілі месца на гандлёвай пляцоўцы, кукуруза і рапсавы алей, якія яны прадавалі адпаведна, карысталіся попытам. 


Да слова, данесці купленую агародніну і садавіну да машыны пры неабходнасці дапамагалі валанцёры БРСМ, якіх было задзейнічана каля дзясятка чалавек. Інваліды і пенсіянеры, якім трэба было неяк даставіць пакупку да дому, маглі скарыстацца паслугамі сацыяльнага таксі. Акрамя таго, дапамогу пажылым прапаноўвалі валанцёры раённай арганізацыі РГА «Белая Русь»: яны бясплатна дастаўлялі агародніну на дом.ААТ «Пружанскі малочны камбінат» і СТАА «Данон Пружаны» па традыцыі знаёмілі пружанцаў і гасцей горада са сваёй прадукцыяй. Балазе, ім ёсць чым пачаставаць свайго спажыўца: гэта і дзясяткі відаў сыроў, і малочныя кактэйлі, і малако.
Акрамя камбікорму, ААТ «Бярозаўскі камбікормавы завод» прывёз яшчэ і хлебабулачныя вырабы. Да слова, фірменны гандаль сваёй прадукцыяй наладзілі ААТ «Аранчыцкая птушкафабрыка», ААТ «Птушкафабрыка «Дружба», ААТ «Бярозаўскі мясакамбінат», племптушказавод ААТ «Пескаўскае»…
Шырока былі прадстаўлены і прамысловыя тавары: трыкатаж пінскага «Палесся», абутак «Отико» і «Белкельме», наборы баранавіцкай пасцельнай бялізны, верхняе адзенне Кобрынскага СП «Юліна», прадукцыя шчарчоўскага ТАА «Уніформа»…
Можна было нават купіць дровы і брыкет у мясцовага райпалівазбыту. Дзякуючы ўдзелу ў кірмашы ЗАА «БярозаГАЗаўтасэрвіс», была магчымасць пазнаёміцца з тэхнікай, якую прадае кампанія з умовамі супрацоўніцтва.
А якіх ужо толькі сувеніраў і рэчаў не прадавалі рамеснікі! Жанчына з Віцебска прывезла цёплыя рукавіцы, камізэлькі, шкарпэткі, а таксама лячэбныя паясы, звязаныя не толькі з аўчыны, але і з сабачай поўсці. Тапачкі, валёнкі, свістулькі з дрэва, драўляныя лыжкі, імянныя кубкі, магніты, драўляныя масажоры, арыгінальная біжутэрыя, упрыгожанні з камянёў, лялькі, шкатулкі ручной работы — вось далёка не поўны спіс таго, што ў Пружанах можна купіць, бадай, толькі на кірмашах. У бяспройгрышных латарэях можна было выйграць мяккую цацку, карціну, імянную лыжку — хто што разыгрываў. 
Многія падкуплялі цікаўных арыгінальнасцю. Як, напрыклад, Вадзім Кавалевіч з Гродна, які з непатрэбнага шкла робіць падзелкі. З дапамогай спецыяльнай тэхналогіі запякання шкла мужчына дае другое жыццё бутэлькам. Яго рэчы падабаюцца многім, бо здольны стаць адметнасцю любога інтэр’ера.
Побач з рамеснікамі мёд разнастайных гатункаў прапаноўвалі пчаляры з Белавежскай пушчы, Зельвы, ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс», Іванаўскага раёна…

Трэнд кірмашоў апошніх гадоў — пакупнік прыходзіць не толькі зрабіць запасы на зіму, але і адпачыць. Падсілкавацца прапаноўваў мясцовы гандаль. Для дзятвы былі арганізаваны разнастайныя забавы: машынкі, атракцыёны, батуты, выстава пажарнага абмундзіравання… Райаддзел МНС выехаў з палявой кухняй і частаваў гасцей кірмашу кашай з гарачым чаем. Жадаючыя маглі скарыстацца нават паслугамі перасоўнай бібліятэкі.
Дарослыя збіраліся каля падворкаў, разбітых сельвыканкамамі. Сёлета іх было шэсць. Культурная праграма, якая разгарнулася на тэрыторыі Ружанскага, прымусіла цікаўных нават пусціцца ў танцы. На дэгустацыю вясковых смакоццяў запрашалі на Велікасельскім, Мокраўскім, Ліноўскім падворках. Традыцыйна дэманстравалі вырабы мясцовых умельцаў, у тым ліку Навазасімавіцкага, Пружанскага сельсаветаў.
На працягу некалькіх гадзін забаўлялі публіку артысты: ансамбль танца «Круцёлачкі», народны ансамбль песні «Землякі», народны ансамбль танца «Ойра», самадзейныя калектывы Навасёлкаўскага, Навазасімавіцкага СДК, Сланімцоўскага СКБ, Аранчыцкага ДФ, Пружанскага Палаца культуры… 
Акрамя таго, сёлета ў творчай праграме быў конкурс сярод культработнікаў — кірмашовы з’езд дамавікоў «Паці на хаце». Шаснаццаць міні-праграм паказалі падчас конкурсу работнікі ўстаноў культуры раёна. Па меркаванні журы найлепш пераўвасобіцца ў дамавіка атрымалася ў артыста з Клепачоў. Ён і быў прызнаны лепшым у раёне. Другое месца раздзялілі дамавікі з Муравы і Сланімцоў, трэцяе заваяваў навасёлкаўскі дамавік. Акрамя таго, кожнаму з іх дасталася і пэўная намінацыя: напрыклад, мокраўскаму — «Вясковы казанова», аранчыцкаму — «Запорханы здыхлік», навазасімавіцкаму — «Мудрагелістая інтэлігенцыя», сухопальскаму — «Таўсташчокі губашлёп»…


Былі агучаны і вынікі раённага конкурсу сярод маладых сем’яў «Лепшы сельскі падворак», які завочна праводзіўся з 15 жніўня па 1 кастрычніка. Удзел у ім прынялі дзевяць сямейных пар. Ацэньваючы прэзентацыі ўдзельнікаў, журы звяртала ўвагу на санітарна-гігіенічны стан сядзібы, афармленне тэрыторыі і выкарыстанне нацыянальных традыцый, пры гэтым, вядзенне прысядзібнай гаспадаркі, сямейныя захапленні і многае іншае. Раскрыў інтрыгу старшыня райвыканкама М.М. Крэйдзіч, які на сцэне ўручаў падарункі пераможцам і сертыфікаты ўдзельнікам. 

Абсалютным пераможцам конкурсу стала сям’я Аблавушка з в.Казлы, другое месца прысуджана сям’і Хаян з аг.Зеляневічы, трэцяе дасталося Макарэвічам з аг.Калядзічы. Прызы ім падрыхтавалі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, райкам ГА «БРСМ», раённае аб’яднанне арганізацыі прафсаюзаў і райкам прафсаюза работнікаў АПК. Астатнія сем’і: Велікаселец (Стараволя), Бабко-Ляўчук (Белавусаўшчына), Япішка (Лінова), Рыбачок (Шані), Хоміч-Гічко (Шарашэва) і Варабей (Ружаны) — атрымалі сертыфікаты. Заслужаныя ўзнагароды знайшлі і гаспадароў лепшых аграсядзіб Пружаншчыны. 

…Усяго на рэалізацыю пакупнікам пружанскага кірмашу было прывезена каля 40 тон бульбы, 10 тон морквы, 40 тон капусты, 5 тон цыбулі, 6 тон буракоў, 15 тон яблыкаў. Але самымі запатрабаванымі з іх аказаліся капуста, буракі, морква і цыбуля (іх распрадалі практычна цалкам): відавочна, пружанцы сёлета атрымалі і свой неблагі ўраджай бульбы і яблыкаў.
Паводле інфармацыі аддзела эканомікі райвыканкама, агульны аб’ём выручкі гандляроў кірмашу склаў прыкладна 75 тысяч рублёў. Пераважную большасць гэтых грошай — каля 45 тысяч рублёў — зарабіў раённы спажывецкі гандаль.

Марына ВАКУЛЬСКАЯ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота) 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *