Среда, 15 января 2025

Да Дня чарнобыльскай трагедыі. Кароткі месяц, што запомніўся Віталію Нічыпаровічу на ўсё жыццё

315

Дакладна вядома, што ў перыяд з 26 красавіка 1986 года, калі здарылася аварыя на атамнай электрастанцыі «Чарнобыль», па 1992 год, калі завяршыліся асноўныя аднаўленчыя мерапрыемствы, удзел у ліквідацыі наступстваў катастрофы прыняло больш за паўмільёна чалавек. Але менавіта першай хвалі ліквідатараў давялося адчуць самую вялікую рызыку здароўю і жыццю: першы саркафаг над разбураным рэактарам быў узведзены толькі напрыканцы 1986 года. Да гэтага часу людзі розных прафесій: вайскоўцы, пажарныя, міліцыянеры, будаўнікі, вадзіцелі і іншыя — выконвалі свае абавязкі ў зоне неверагоднай небяспекі.

У спіс гэтых сапраўдных герояў трапіў і наш зямляк Віталій Нічыпаровіч. Ён усё жыццё пражыў у Пружанах, як і яго бацькі, дзяды. Адслужыўшы ў арміі, Віталій Пятровіч працаўладкаваўся на аўтабазу № 11 вадзіцелем.

Звычайная камандзіроўка?


— У маі 1986 года мяне выклікаў да сябе кіраўнік прадпрыемства і прапанаваў выбар: маўляў, ты павінен адправіцца на армейскія зборы на паўгода ці, як камуніст, на месяц едзеш на поўдзень Беларусі для ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

На той момант Віталій ажаніўся, у яго нядаўна нарадзілася дачка. Вядома, што на паўгода кідаць сям’ю сам-насам з жыццёвымі праблемамі мужчына не захацеў. Таму і адправіўся ў зону адчужэння. Усяго толькі на месяц…

Каб ён ведаў, што за гэты параўнальна кароткі перыяд яму давядзецца паспытаць і пабачыць.

У першыя дні пасля аварыі ніякай інфармацыі пра нябачную небяспеку не было. Ліквідатарам проста даводзіўся план мерапрыемстваў, якія яны павінны былі выконваць. Тое ж самае адбывалася і ў плане эвакуацыі насельніцтва.

У чэрвені 1986 года ў раёнах Лоева і Брагіна, куды быў камандзіраваны Нічыпаровіч, працавала нямала вайсковых часцей. Салдаты здымалі верхнюю частку грунту, засыпалі калодзежы, палілі драўляныя агароджы і мылі сцены і дахі пабудоў. Віталій Пятровіч удзельнічаў у лагістыцы ўсіх гэтых мерапрыемстваў: падвозіў будаўнічыя і расходныя матэрыялы, адвозіў радыёактыўны грунт у магільнікі, узамен дастаўляючы з Гомеля бяспечную зямлю.

— Усюды, дзе мы працавалі, тады яшчэ жылі людзі. Многія, бачачы тое, што рабілі вайскоўцы, міліцыянеры, пажарныя, разумелі пагрозу і імкнуліся выбірацца самастойна.

Даходзіла да таго, што ягоны МАЗ людзі перапынялі на дарозе і — з дзецьмі і рэчамі — імкнуліся залезці ў кузаў грузавіка. Нічыпаровічу прыходзілася адмаўляць у гэтым. Не таму, што быў такі прынцыповы: праз кожны дзясятак кіламетраў на аўтамабілі ён мінаў дзяжурныя пасты, дзе праводзілася вымярэнне радыёактыўнага фону транспартных сродкаў. Колькі паказваў дазіметр, Віталій Пятровіч не бачыў, але дакладна чуў, як кожны раз прыбор пішчаў. Грузавік адразу накіроўвалі на дэзактывацыю, ды толькі гэта давала непрацяглы вынік: чарговая загрузка — і зноў тая ж самая сітуацыя.

— Калі здаралася паломка і мы з напарнікам ехалі ў Брагін на рамонт, то ў майстэрнях адразу кідалі іншыя справы і займаліся нашай праблемай. Толькі б мы як мага хутчэй з’ехалі з тэрыторыі.
Злавала пазіцыя адказных асоб, якія імкнуліся «закрыць вочы» на бяду, не дапусціць пагалоскі.

— Нават па радыё перадавалі, што мясцовыя жыхары ўжо вяртаюцца ў свае населеныя пункты, хаця ўвачавідкі мы бачылі іншае, — успамінае пружанец.

Людзі, праца якіх вартая помніка


Убачаная карціна катастрофы, тэхнагеннай і жыццёвай, перамяніла меркаванне нашага земляка, што месяц — кароткі час. Сёння ён выдатна разумее, з якой рызыкай была звязана тая камандзіроўка. А тады…

У чэрвені 1986 года было вельмі спякотна, таму ў кабіне грузавіка стваралася сапраўдная лазня, якую можна было вытрымаць толькі ў ніжняй бялізне. Што ўжо казаць пра нейкія маскі на твары, якія рэкамендавалі насіць! Ахоўнае абмундзіраванне? Абяцалі пастаянна, амаль штотыднёва здымалі памеры, але Нічыпаровіч так і не дачакаўся «абноўкі». З-за спякоты матор грузавіка раз-пораз закіпаў, і з бліжэйшай рэчкі, крыніцы, сажалкі бралі свежую ваду і залівалі ў радыятар.

Замерыць лічыльнікам радыяцыі? Такіх прыбораў у вадзіцеляў не было. Адзінае, чым можна было абараняцца ад нябачнай радыяцыі, — віно, якога кожнаму ліквідатару выдавалі па дзве бутэлькі на дзень. Некаторыя нават п’янымі сядалі за руль аўтамабіля, але іх ніхто не спыняў і не караў. Чаму не было строгага кантролю? Напэўна, тады высокае кіраўніцтва разумела, што людзі ходзяць па краі ляза і іх далейшы лёс залежыць толькі ад удачы.

— Напрыканцы чэрвеня сабралі групу тых, у каго закончылася камандзіроўка, і перад адпраўкай па дамах кожны прайшоў медагляд з выкарыстаннем дазіметраў. Двое з нашай групы пасля такой праверкі ў аўтобус не вярнуліся…

Праз год Віталій Пятровіч даведаўся, што пачынаецца афармленне спецыяльных пасведчанняў тым, хто прымаў удзел у ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС. І высветлілася, што ніякіх дакументаў, пацвярджаючых камандзіроўку Нічыпаровіча ў зону адчужэння, няма. На ўласным аўто разам з яшчэ некалькімі спадарожнікамі, таксама пакрыўджанымі няўвагай, ён зноў адправіўся на месца той працы. Нідзе не захаваліся дакументы: людзі тэрмінова эвакуіраваліся, як і арганізацыі разам з архівамі, паперы спальваліся, а электронных версій тады яшчэ не было. І толькі ў адным з зелянгасаў чарнобыльскай зоны мужчына здолеў адшукаць падпісаную на яго імя пуцёўку…

Пры атрыманні пасведчання ўсё ж давялося вытрымаць своеасаблівы іспыт. Камісія доўга распытвала кандыдата пра абставіны яго працы, месцы і падзеі. Толькі пасля слоў аднаго з палкоўнікаў, які назваў расказ Нічыпаровіча праўдай, Віталію Пятровічу было выдадзена пасведчанне ліквідатара і адпаведны медаль.

Праз некаторы час наш зямляк перайшоў на працу ў Пружанскія электрасеткі, адпрацаваў тут 20 гадоў, а на пачатку бягучага года ва ўзросце 65 гадоў пайшоў на пенсію. Бог і, напэўна, усё-такі ўдача абаранілі Віталія Нічыпаровіча ад магчымых пакут. Вось толькі той «кароткі» месяц і амаль праз 40 гадоў ён помніць дакладна. І гэтыя горкія ўспаміны з гадамі не губляюць сваю яркасць.

Алег Сідарэнка

Фота Кацярыны Масік