Понедельник, 29 апреля 2024

Юрий Бисун в рамках Единого дня информирования провел встречу на ОАО «Пружанский молочный комбинат»

930

У рамках Адзінага дня інфармавання насельніцтва старшыня райвыканкама Ю.Ю.Бісун сустрэўся з калектывам ААТ «Пружанскі малочны камбінат». У цэнтры ўвагі апынулася тэма абароны мацярынства і дзяцінства ў Рэспубліцы Беларусь. Якая сацыяльная падтрымка аказваецца сем’ям непасрэдна на Пружаншчыне, расказаў начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама В.І.Матвіенка. Сёння на ўліку ў сацыяльнай службе знаходзіцца больш за 13 тысяч сем’яў і грамадзян, прычым у гэтым спісе 719 шматдзетных сем’яў. Віталь Іванавіч падрабязна расказаў, якую адрасную дапамогу яны атрымлівалі сёлета.
Мяркуецца, што да пачатку 2020 года ў краіне запрацуе аўтаматызаваная сістэма ўліку шматдзетных сем’яў, што дазволіць забяспечыць адраснасць дзяржаўнай сямейнай палітыкі і маніторынг комплекснай рэалізацыі такімі сем’ямі права на дзяржаўную падтрымку ў галіне сацыяльнай абароны. У прыватнасці, гаворка ідзе пра назначэнне дзярждапамог, сацыяльных пенсій, сямейнага капіталу, аказанне сацыяльных паслуг, матэрыяльнай дапамогі да навучальнага года, узнагароджанне ордэнам Маці і гэтак далей.


аксама на парадку дня былі вынікі работы Пружаншчыны сёлета. І, як падкрэсліў Юрый Юр’евіч, Пружанскі малочны камбінат істотна ўплывае на фарміраванне раённых паказчыкаў: таварыства з’яўляецца адным з горадаўтвараючых. Больш падрабязна старшыня райвыканкама спыніўся на тых накірунках, якія патрабуюць увагі і залежаць у тым ліку і ад працы калектыву камбіната.

Прысутным далі магчымасць задаць пытанні членам інфармацыйнай групы. Варта зазначыць, што праблем калектыў узняў нямала. Напрыклад, работнік пацікавіўся, ці могуць жыхары некаторых вуліц у раёне «царскага сяла» разлічваць на тое, што тут у бліжэйшы час будзе пакладзены асфальт. Але станоўчага адказу Ю.Ю.Бісун не даў. «Асфальтаванне не ўваходзіць у сацыяльныя стандарты: галоўнае — наяўнасць цвёрдага пакрыцця, да якога адносіцца і гравійная падсыпка дарогі. Паверце, на Пружаншчыне хапае месцаў, дзе можна класці асфальт, але райцэнтру і Ружанам і без таго надаецца найбольшая ўвага. Тым часам добраўпарадкавання патрабуюць і іншыя населеныя пункты. Але гэта не значыць, што ў райцэнтры нічога не будзе рабіцца: будзе, проста не такімі тэмпамі, як таго хацелася б вам. Увогуле, у параўнанні з іншымі раёнамі, Пружаншчына з’яўляецца адным з найбольш заасфальтаваных рэгіёнаў Брэстчыны», — зазначыў Юрый Бісун.


Што да веласіпедных дарожак, пытанне з імі мясцовыя ўлады паабяцалі вырашыць у наступным годзе. Як мяркуецца, будуць вызначаны вуліцы, дзе тэрыторыя для веласіпеднага руху будзе суцэльнай паласой аддзелена ад праезнай часткі, а недзе такія палосы з‘явяцца на тратуарах.
Калі было закранута пытанне недахопу дзіцячых пляцовак у раёнах шматпавярховай забудовы, дырэктар Пружанскага КУВП «Камунальнік» А.Ф.Шопік зазначыў коратка і зразумела: «Толькі за кошт жыльцоў». Ю.Ю.Бісун згодны, што ад недахопу дзіцячых пляцовак, а таксама парковачных месцаў асабліва церпяць жыхары старой забудовы, таму на гэты конт таксама падзяліўся сваім меркаваннем: «Не трэба глядзець толькі з утрыманскага пункту гледжання: многае пад сілу зрабіць і самім людзям. Не такія вялікія выдаткі і сілы патрэбны для таго, каб змайстраваць арэлі». Кіраўнік раёна папярэдзіў, што па гэтай прычыне як мага часцей будуць праводзіцца суботнікі. У сваю чаргу, дырэктар ААТ «Пружанскі малочны камбінат» А.Э.Лось паабяцаў, што колькасць парковачных месцаў павялічыцца і каля прадпрыемства: тут з часам уладкуюць дадатковую стаянку.
Сярод узнятых пытанняў было і адкрыццё гарадскога басейна. Людзей абрадавалі, што, калі гэты вадаём карыстаецца такім попытам, яго адновяць. Але толькі ў тым выпадку, калі на тое дасць адпаведнае заключэнне санітарна-эпідэміялагічная служба.
Шмат пытанняў было адрасавана і галоўнаму ўрачу Пружанскай ЦРБ В.М.Дараневічу, які паабяцаў, што перанавучанне спецыялістаў на ўрачоў агульнай практыкі ў бліжэйшы час вырашыць многія з існуючых праблем.
Марына ВАКУЛЬСКАЯ. Фота Сяргея ТАЛАШКЕВІЧА.