Суббота, 27 апреля 2024

В агроусадьбе «Жаденский дворик» прошел сельский мастер-класс «Мы сами с руками»

2 023

Падчас адзінага дня аграэкатурызму гасцінна расчыніла вароты аграсядзіба «Жадзенскі дворык». Яе гаспадыня Ніна Раманюк разам з іншымі ўдзельнікамі раённага грамадскага аб’яднання «Агратур»,  падрыхтавала і правяла сялянскі майстар-клас «Малочная кухня. Мы і самі з рукамі», у якім прынялі ўдзел  турысты з Санкт-Пецярбурга – сям’я Гаруновых і калегі з «Агратура».

Спрытнай гаспадыняй былі прапанаваны наступныя варыянты: прыгатаванне свежага хатняга тварагу, выраб клінковага сыру і вытворчасць масла. Першыя два майстар-класы праводзіла сама гаспадыня Ніна Раманюк.агро жадены

Усё пачалося з нагрэву на пліце вядзёрнай каструлі малака. Гаспадыня ўвесь час ад яе не адыхо-дзіла, памешваючы малако вялікай драўлянай лыжкай і праз пэўны час патрохі падліваючы папярэдне падрыхтаваную зеленаватага колеру закваску. І вось неўзабаве мы ўбачылі, што малако ператварылася ў камякі, і гаспадыня зняла каструлю з пліты, абвясціўшы працэс завершаным. Лыжкай-шумоўкай кожнаму ўдзельніку ў  талерку быў пакладзены духмяны камяк. Гэта і быў свежы хатні тварог.

Што за смак!!!  Госці з Расіі ледзьве не праглынулі языкі. Але ж гэта быў толькі пачатак! Далей той тварог, які застаўся ў каструлі, разам з сыроваткай Ніна вы-ліла ў ільняны мяшочак цікавай формы. Завязаўшы яго, паклала на звычайную кухонную дошку для нарэзкі, такую ж дошку паклала зверху. А гаспадар Аляксей на тую дошку зверху паклаў гнёт — вялікі плоскі камень. Паведамілі ўсім, што гадзіну-паўтары трэба пачакаць.

Госці вырашылі, што бу-дзе перапынак у дзейнасці. Але не! Гаспадар ужо з хаты ў альтанку нёс сапраўдную старажытную біянку. За ім ішла гаспадыня са слоікам смятаны. Усе госці замерлі ў чаканні сапраўднай справы. Сеўшы ў кутку альтанкі на лаву, гаспадар зняў крышку біянкі з адтулінай пасярэдзіне. Уліў літры чатыры смятаны. Папярэдзілі: у прыгатаванні масла ўдзел прымуць усе жадаючыя, толькі для пачатку трэба пільна паназіраць за рухамі гаспадара. На кантроль быў узяты час. Мы па чарзе пачалі змяняць гаспадара. Дзеці спачатку не верылі, што такім чынам можна атрымаць масла.

У хуткім часе гаспадыня апалонікам даставала сапраўднае жоўтае  масла і складвала ў міску з вадой са студні.Пэўны час тое масла «паласкала» ў вадзе, а пасля, падкідаючы ўгару, фармавала брусок ці галоўку масла. Мы вельмі хваляваліся, каб падлятаючае масла не трапіла долу, але рухі Ніны былі настолькі ўпэўненыя, што супакоіліся —для яе гэта звычайная справа.

А далей было свята жывата! Гаспадыня ўзяла сыр і масла і пайшла ў хату.  Калі яна вярнулася, трымаючы вялікую патэльню, госці прыціхлі. Падсмажаны на свежым масле свежы клінковы сыр аказаўся царом смакаў. Хтосьці прамовіў: «Калі б такую ежу елі штодня,то 100% хварэлі б у 100 разоў менш!». Усе госці з ім былі згодны.

Як бачыце, свята ўдалося на славу. Кожнаму з  ад’язджаючых гасцей гаспадыня прэзентавала тварожнай закваскі. Вялікі дзякуй «Жадзенскаму дворыку», вялікі дзякуй гаспадарам за свята. Чакаем наступных сустрэч.

Алена Ляўчук, старшыня  раённага экалагічнага грамадскага аб’яднання «Агратур».

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *