Вторник, 22 апреля 2025

Медсястра Пружанскай ЦРБ Таццяна Семянчук — пра сваю чарнобыльскую камандзіроўку

683

Маленькая, з прыемнай усмешкай і агеньчыкам у вачах жанчына. Пачаўшы размову, разумееш, колькі ёй прыйшлося перажыць. Пры гэтым яна не расчаравалася, не стала злой, а проста аддана працягвае служыць абранай прафесіі і, самае галоўнае, жыць.

Таццяна Семянчук тады працавала загадчыцай ФАПа ў Гродзенскай вобласці. У той вечар прыйшла з працы, гатавала вячэру. Раптам у дзверы пастукаліся мужчыны ў ваеннай форме. Жанчына атрымала загад раніцай з’явіцца ў ваенкамат. Распытваць, навошта і што здарылася, яна не прывыкла. Дапамога людзям даўно была для Таццяны больш чым прафесіяй…

«Прыдатная», — слова, якое Таццяна пачула раніцай на медкамісіі ў ваенкамаце. Яна ўжо разумела: адпраўляецца ў чарнобыльскую зону, але чамусьці страху не было. Маладосць, патрыятызм ці гатоўнасць прыйсці на дапамогу, а можа, і ўсё разам дадавалі ўпэўненасці. Шукаць прычыну, каб не паехаць, не хацелася. «Раз выбралі, значыць, гэта патрэбна», — з такімі думкамі накіроўвалася ў Хойнікі. У гэтым гарадку на Гомельшчыне Таццяна Семянчук працавала каля двух тыдняў. Пасля зноў аўтобус, дарога і ён, Чарнобыль.

— Памятаю, як уехалі ў горад. Вось тады стала страшна. Страшна ад пустаты і цішыні. А яшчэ ад адчыненых вокнаў, на якіх вецер варушыў цюль. Ад бялізны, якая так засталася вісець на балконах, хоць стала жоўтай і выгарэла — прайшоў ужо год, але здавалася, чакала сваіх гаспадароў. Думалася, што яны проста на нейкі час адышлі, але хутка вернуцца, і ўсё будзе як і раней. Але сэрцам разумела: у гэтым месцы на доўгія гады цяпер пасяліліся толькі боль і адзінота, — успамінае Таццяна.

Памятае яна і тое, як упершыню ўбачыла АЭС на фоне блакітнага вясновага неба, разбураную, небяспечную. Менавіта тут і трэба было працаваць. Ліквідатар успамінае, што ўсю работу выконвалі дружна. Для маладых салдацікаў Таццяна стала старэйшай сястрой.

Дзяўчыне выдалі вялізныя боты 39-га памеру. Адзенне — таксама на два памеры большае, яго потым падшывала. Узгадвае, што кармілі смачна, больш за ўсё запомнілася разнастайная садавіна, агародніна і вялікая колькасць згушчонкі. На яе пасля не магла нават глядзець.

Камандзіроўка скончылася праз два месяцы. Прыехаўшы дадому, Таццяна яшчэ доўга адчувала металічны прысмак, недамаганні і галаўны боль. Але лічыць, што не гэта галоўнае: тады, у 1987-ым, яна не пабаялася, не збегла, а годна выканала свой прафесійны і грамадзянскі абавязак, знайшла многа сяброў. А яшчэ па-іншаму стала цаніць кожны пражыты дзень, кожную мінуту. Ці шкадуе, што пабывала ў Чарнобылі тады? Адказ адназначны: не!

Патрэбнай людзям Таццяна Семянчук застаецца і сёння. Яна таксама ратуе жыцці людзей, працуючы медсястрой-анестэзістам аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Пружанскай ЦРБ. Жыццё працягваецца, нягледзячы ні на што.

Ірына Шэйка, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі, старшая медсястра траўматалагічнага аддзялення Пружанскай ЦРБ

Фота аўтара і з асабістага архіву Таццяны Семянчук