Суббота, 14 декабря 2024

Тут жыве памяць пра Міколу Тарасюка: удзельнікі рабочай групы па развіцці аграэкатурызму наведалі вёску Стойлы і аграсядзібу «Стулы» (+ многа фота)

478

Адразу дзве падзеі, якія маюць дачыненне да развіцця турыстычнага накірунку, адбыліся на бягучым тыдні на Пружаншчыне. І ў той жа час, нягледзячы на некаторае перасячэнне маршрутаў, пераблытаць іх было проста немагчыма.

Да неабыякавых людзей, спадзяюся, можна аднесці і ўдзельнікаў рабочай групы па развіцці аграэкатурызму, якая 6 мая завітала ў аграсядзібу «Стулы», што ў вёсцы Стойлы.

Гаспадары аграсядзібы Аляксандр і Ларыса Быцко літаральна з першага позірку падаліся мне цікавымі і асаблівымі людзьмі. Мае пачуцці не падвялі, калі бліжэй з імі пазнаёміўся. Бо не могуць абыякавыя людзі так натхнёна расказваць пра невялічкую вёсачку, у якой ужо не засталося ніводнага пастаяннага жыхара, а толькі тыя, хто прыязджае на радзіму бацькоў і дзедаў.

Пра гісторыю вёскі, у якой некалі бруіла жыццё, нараджаліся дзеці, гулялі вяселлі, праводзілі ў апошні шлях, нагадвае карта, устаноўленая на ўездзе (у свой час гэта было зроблена ў рамках праекта «Вясковы рэнесанс»). На другім баку гэтага так званага білборда — старыя фотаздымкі з выявамі людзей, што некалі жылі тут.

Варта заўважыць, што ёсць сярод іншых і здымак славутага народнага майстра, разьбяра Міколы Тарасюка. Сваім майстэрствам (для кагосьці яно можа здацца прымітыўным, але ўсё роўна застаецца самабытным, не падобным ні на якое іншае) ён праславіў не толькі родныя Стойлы, але і Пружаншчыну. На фотаздымку ён яшчэ малады, стаіць у поўны рост у лодцы з вёсламі.

Непадалёк ад «Стулаў» знаходзіцца ўнікальны музей майстра «Успаміны Бацькаўшчыны». Дарэчы, якраз перад намі ў ім пабывала і засталася пад глыбокім уражаннем група спецыялістаў туріндустрыі.

Што тычыцца аграсядзібы «Стулы», то яе гаспадыня Ларыса Быцко расказвала пра сямейны праект з такім натхненнем, быццам бы ён толькі адкрыўся, толькі пачаў існаваць. Але ж гэтае дзецішча Быцкоў існуе не адзін год, карыстаецца вялікай папулярнасцю, аб чым сведчаць шматлікія дыпломы, падзякі, граматы, кубкі і іншыя ўзнагароды.

Паклаўшы руку на сэрца, трэба прызнацца, што вялікіх прыбыткаў сядзіба не прыносіць. Хутчэй, іх забірае: на будаўніцтва, добраўпарадкаванне, развіццё. Але ёсць надзея, што, дзякуючы вось такім экскурсіям, рэкамендацыям рабочай групы, новыя турыстычныя маршруты будуць пралягаць і праз Стойлы.

Удзельнікі рабочай групы не толькі агледзелі сядзібу, але і мелі магчымасць убачыць пастаноўку батлеечнага тэатра, які не першы год існуе ў «Стулах». У спектаклі пад назвай «Самі з вусамі» распавядалася пра тое, як дамашняга ката у перыяд уздыму пандэміі з горада перавезлі ў Стойлы. Хатні любімец, які дагэтуль не бачыў вуліцы, вырашыў павандраваць па Белавежскай пушчы і… заблукаў. Аповед пра прыгоды ката, які сустрэўся з жывёльным светам Белавежжа, існуючым і тым, які мы назаўсёды страцілі, мае даволі глыбокі сэнс, прымушае задумацца.

Упэўнены, што гэты спектакль карысна паглядзець не толькі дзецям, але і дарослым. Ларыса Мікалаеўна і Аляксандр Мікалаевіч (хоць яны і непрафесійныя артысты) сваім майстэрствам з дапамогай драўляных лялек могуць пасеяць у душы кожнага гледача іскрынку надзеі, што ўсё благое можна выправіць, калі не заставацца абыякавымі да чужой бяды — асабістай альбо глабальнай, беспарадку, хлусні.

Напрыканцы паездкі яе ўдзельнікі мелі магчымасць пачаставацца стравамі пушчанскай кухні.

Ведаеце, я зноў хачу прыехаць туды — у Стойлы, і не адзін раз. Добра там, пануе жывая аўра, якая кліча вяртацца.

Віктар Ільюшчанка. Фота Кацярыны Масік

Фотаальбомы тут: https://vk.com/album-23306785_293555993 і https://ok.ru/budni/album/962414624904