Четверг, 10 октября 2024

Наша апытанне. Сям’я – гэта самае цёплае месца на зямлі

643

15 мая ў Беларусі адзначылі Дзень сям’і. Напярэдадні свята мы спыталі ў жыхароў нашага горада і раёна, якое значэнне ў іх жыцці мае сям’я.

Святлана Пстыга:

— Для мяне сям’я — гэта ўсё… На жаль, я ўжо аўдавела, але дзве дачкі не пакідаюць мяне сам-насам з праблемамі. Чатыры ўнукі — гэта таксама мае абаронцы! Цешыць, што дочкі са сваімі сем’ямі жывуць побач, у нашым горадзе, таму бачымся даволі часта.
У нас ёсць свае сямейныя традыцыі, напрыклад, любім збірацца вялікай сям’ёй на розныя святы і цудоўна бавіць час.

Андрэй і Марыя Ануфровічы:

— Можна сказаць, што сям‘я — гэта такі падмурак, ад якога залежаць шматлікія рэчы, у тым ліку настрой і здароўе. Мы заўсёды стараемся падтрымліваць адзін аднаго, нашы адносіны пабудаваны на ўзаемаразуменні. Стараемся як мага часцей збірацца ў сямейным коле. Сям’я ў нас вялікая: чатыры дачкі, у якіх ёсць ужо свае дзеці. Таму жывецца не сумна.

Інга Лічык:

— Наша сям’я складаецца з чатырох чалавек: мы з мужам і двое дзяцей. І дакладна ведаю, што мець сваю сям’ю — гэта выдатна, бо менавіта тут забываеш пра ўсе праблемы і атрымліваеш асалоду ад жыцця. У нашай сям’і пануе павага адзін да аднаго.
Якім заняткам аддаём перавагу? Старэйшы сын гуляе ў хакей, таму значную частку вольнага часу мы вандруем па Беларусі і падтрымліваем нашу хакейную каманду.

Канстанцін Шэльвах:

— Наша з жонкай сумеснае жыццё пачалося ў далёкім 1982 годзе. Нарадзіліся дзве дачкі, ад кожнай з якіх у нас па ўнучцы. Сям’я — гэта вялікая каштоўнасць, менавіта тут адчуваеш сябе любімым і шчаслівым. Дочкі са сваімі сем’ямі жывуць недалёка, таму, як і многія іншыя сем’і, традыцыйна збіраемся разам на вялікія святы.

Кацярына і Сяргей Рудкоўскія:

— Сям’я — гэта тыя людзі, дзеля каго хочацца прачынацца кожны дзень. Наша сям‘я адносна маладая і не вельмі вялікая: падрастае любімая дачка. Але сэнс не ў сямейным стажы: лічым, што любая сям’я павінна быць пабудавана на ўзаемнай павазе і каханні. Усе святы адзначаем у коле родных і блізкіх людзей, а наогул вядзём актыўны лад жыцця, любім гуляць у бадмінтон і наведваць розныя культурныя мерапрыемствы. Таму наша жыццё напоўнена мноствам цікавых момантаў. Жадаем, каб ва ўсіх сем’ях панавала ўзаемапавага і было сапраўднае каханне, неверагоднае шчасце і бясконцае здароўе!

Меркаваннямі цікавіўся Руслан Басак. Фота Кацярыны Масік