Понедельник, 21 апреля 2025

Што цікавага падрыхтуюць да 590-годдзя Пружан і якім будзе святкаванне? Інтэрв’ю са старшынёй Беларускага геаграфічнага таварыства Аляксеем Яротавым

995

Калі выязное пасяджэнне рабочай групы па развіцці аграэкатурызму тычылася знаёмства менавіта з работай аграэкасядзіб на прыкладзе ў тым ліку і нашага раёна, то другое мерапрыемства праходзіла ў рамках падрыхтоўкі да 590-годдзя Пружан.

Група прафесійных экскурсаводаў і тураператараў — больш за 40 чалавек — наведала славутыя мясціны, у тым ліку Лыскава, Мокрае, Шарашэва, Стойлы, зрабіла аглядную экскурсію па Пружанах.

У музеі-сядзібе «Пружанскі палацык» былі не проста падведзены вынікі паездкі: яе ўдзельнікам паказалі прэзентацыі выданняў, падрыхтаваных да юбілейнай даты, пазнаёмілі з праграмай маючага адбыцца 15 ліпеня святкавання.

Варта сказаць, што адным з арганізатараў паездкі спецыялістаў турбізнесу па Пружаншчыне стала Беларускае геаграфічнае таварыства. І не толькі паездкі, дарэчы: папячыцельскі савет таварыства ўжо некалькі месяцаў прымае самы актыўны ўдзел у падрыхтоўцы святкавання 590-годдзя Пружан.

Падрабязней пра гэта мы папрасілі расказаць старшыню Беларускага геаграфічнага таварыства Аляксея Яротава.

— Аляксей Яўгенавіч, мы з Вамі гутарылі яшчэ напачатку вясны, калі ў райцэнтры ішлі здымкі фільма пра гісторыю Пружан. Але не варта было казаць «гоп», пакуль не пераскочыш…

— Так, многае ў нас ужо атрымалася, і, думаю, настаў час расказаць шырокай публіцы пра тое, што ўжо зроблена. Разам з аддзелам спорту і турызму і аддзелам культуры Пружанскага райвыканкама мы правялі шэраг экспедыцый і акцый.

Былі зняты два фільмы. Адзін з іх — папулярны, які прадстаўляе Пружаны. Вы самі бачылі «касцюмныя» здымкі на вуліцах горада і ў парку, калі мы імкнуліся адлюстраваць карціны паўстання 1863 года. Другі фільм — пра прывід Пружанскага палацыка.

— Гэта былі, напэўна, толькі прыгожыя мастацкія аздабленні сур‘ёзнай працы па вывучэнні нашага мінулага?

— І яны зробяць значны ўклад у папулярызацыю турыстычных аб‘ектаў. Але, сапраўды, адначасова былі зроблены некалькі рэальных праектаў. Напрыклад, папячыцельскі савет дапамог знайсці шэраг старадаўніх карт Пружан з сярэдзіны 16 да сярэдзіны 19 стагоддзяў, якія былі прааналізаваны спецыялістамі. У выніку з’явілася кніга, яшчэ адзін праект: «Пружаншчына на старадаўніх картах». З бібліятэкі імя Барыса Ельцына мы атрымалі чатыры планы Пружан пачатку 19-га стагоддзя, якіх ніколі ніхто нават не бачыў, і яны таксама будуць апублікаваны ў гэтай кнізе.

Яшчэ адзін праект — гэта стварэнне даведніка, які прадставіць Пружаны з зусім нечаканага боку і, спадзяюся, выкліча цікавасць.

Падрыхтавалі і серыю паштовак з гістарычнымі славутасцямі Пружанскага раёна. Але гэта не фотаздымкі: выявы выбітных мясцін намалявала ў сваёй адмысловай тэхніцы народны майстар Марыя Кулецкая. Гэта вельмі яркія і запамінальныя малюнкі.

Таксама мы стварылі ў Streetmap карту Пружанскага раёна, на якой усе выбітнасці любы чалавек, які мае спасылку, можа ўбачыць у інтэрактыве. Кнопачку націскаеш — і ў цябе адкрываецца малюнак з подпісам.

— У асяроддзі экскурсаводаў Вы казалі і пра гастранамічны патэнцыял раёна.

— Гэта вельмі важна: не варта скідваць з рахунку і неабходнасць харчавання турыстычных груп, і перспектывы гастранамічнага турызму. У выніку сямі экспедыцый намі разам з пружанскімі спецыялістамі быў сабраны матэрыял для кнігі — 76 унікальных рэгіянальных рэцэптаў пружанскай кухні.

— У палацыку Вы агучылі папярэднюю праграму святкавання Дня горада. Варта сказаць, што яна ўражвае размахам: канцэрты на плошчы перад Палацам культуры, інтэрактыўнае арт-кафэ на вуліцы Савецкай, кірмаш рамеснікаў, гульнявыя пляцоўкі, маштабнае дзейства на гарадскім стадыёне, дзе мяркуюць наладзіць сапраўднае шоу расійскія салісты і гурты, феерверк…

— Канцэртную праграму арганізоўваюць таксама папячыцельскі савет сумесна з Пружанскім райвыканкамам, аддзелам культуры. А яшчэ геаграфічнае таварыства дапамагло звязацца з клубамі гістарычнай рэканструкцыі — Шатландскай пяхоты 16 стагоддзя і «Волат» Мінскага завода колавых цягачоў. Яны таксама пагадзіліся прыняць удзел у святкаваннях у Пружанах і ствараюць праект пад назвай «Сярэднявечны горад». Уявіце, якімі былі Пружаны ў 16-м стагоддзі, або, напрыклад, у 1430-м годзе: з кузнямі, ганчарнымі майстэрнямі, стралковымі класамі, з бугуртамі — рыцарскімі паядынкамі, з прадстаўленнямі факіраў і ўсім астатнім. І ўсё гэта ўбачаць гледачы — гараджане і магчымыя турысты.

— Фактычна тыя чатыры дзясяткі прафесіяналаў і прыехалі сёння, каб ацаніць магчымасці: ці варта везці сюды турыстаў?

— Так, гэта экскурсаводы, гіды-перакладчыкі, тураператары, якія маюць права і могуць праводзіць экскурсіі на тэрыторыі Пружанскага раёна. Яны ўбачылі той гісторыка-культурны, этнаграфічны патэнцыял, які ёсць у раёне, пабывалі ў музеі Міколы Тарасюка з унікальнымі экспанатамі, пабачылі майстар-класы па кераміцы, саломапляценні, роспісе па шкле. А яшчэ — вялізны гісторыка-архітэктурны патэнцыял Лыскаўскага Троіцкага касцёла, старажытныя шарашэўскія званіцу і касцёл, выбітныя цэрквы…

— Мы размаўлялі з экскурсаводамі-экскурсантамі: яны прызнаюцца, што вельмі задаволены гэтай паездкай, уражаны Пружаншчынай.

— Лічу, што для развіцця раёна, яго турыстычнага накірунку падобная наша дзейнасць мае ключавое значэнне. Але многае залежыць і ад жадання саміх жыхароў раёна стварыць усе ўмовы для прывабнасці, прыцягнення турыстаў.

Гутарыла Ірына Сядова. Фота аўтара