Лічбавізацыя эканомікі і жыццядзейнасці нашай краіны закранае практычна ўсе накірункі, у тым ліку такі падыход укараняецца і ў галіне воінскага абавязку.
У прыватнасці, згодна з апошнімі змяненнямі, унесенымі ў Закон Рэспублікі Беларусь «Аб воінскім абавязку і воінскай службе», зараз беларусы могуць атрымліваць павесткі з ваенкамата праз SMS-паведамленні. Варта адзначыць, што гэты спосаб пакуль выкарыстоўваецца як дадатковы да паштовай сувязі, але можа перыядычна прымяняцца органамі вайсковага ўліку.
Але «зацікаўленасць» да гэтага спосабу данясення інфармацыі праявілі «віртуальныя махляры», якія спрабуюць такім чынам даведвацца ў грамадзян персанальныя дадзеныя. Галоўнае адрозненне паміж законнымі і фальшывымі SMS-паведамленнямі заключаецца ў тым, што адпраўленні з ваенкамата не ўтрымліваюць спасылак, не патрабуюць удакладнення персанальных дадзеных праз тэлефонную сувязь і на іх не трэба адказваць. У SMS-паведамленні змешчана інфармацыя толькі пра тое, калі і па якім адрасе трэба з’явіцца грамадзяніну, а таксама тэлефон для даведак.
Каб папярэдзіць выпадкі махлярства, у якасці меры перасцярогі аператарам сувязі кожнаму ваенкамату прысвоена альфа-імя, якое будзе адлюстравана ў графе адправіцеля. Напрыклад, у SMS-паведамленні ад Пружанскага раённага ваеннага камісарыята пазначаецца, што звесткі паступілі ад VK_Pruzhany. Даведацца альфа-імя іншых камісарыятаў можна на сайце Міністэрства абароны РБ па адрасе https://www.mil.by/ru/virtual_recruitment/sms/.
Нагадваем, што выклік у РВК, незалежна ад формы, у якой ён паступіў, можа мець розныя мэты: ад удакладнення дадзеных воінскага ўліку да мерапрыемстваў мабілізацыйнай падрыхтоўкі. Таму ў любым выпадку неабходна абавязкова з’явіцца ў ваенкамат у вызначаны тэрмін. За няяўку па павестцы прадугледжана адміністрацыйная і крымінальная адказнасць.
Кірыл Шаўчэнка, ваенны камісар раёна.