Мы вам спяём
Прайшло крыху больш за месяц, як у гарадскім Палацы культуры пад кіраўніцтвам Таццяны Немцавай быў створаны наш вакальны гурт «Сяброўкі». У яго склад увайшлі людзі розных характараў, зацікаўленасцей і былых прафесій: ад бухгалтара да швачкі і журналісткі. А аб’ядналі ўсіх не толькі прыкладна аднолькавы «залаты» ўзрост, але і непадробная любоў да прыгожай песні. Такой, напрыклад, як «Стары клён»…
І пачаліся рэпетыцыі. Два разы ў тыдзень на дзве гадзіны ў наша распараджэнне аддалі рэпетыцыйны харавы клас. Канечне, Таццяна Мікалаеўна праяўляла шмат настойлівасці і цярпення, каб давесці да толку нашы пакуль яшчэ нястройныя галасы. Некалькі чалавек з гурта «Сяброўкі» наогул ніколі не спявалі.
Таму пра сцэну, сапраўды, гаварыць было рана. Пакуль што мы з задавальненнем спявалі «для сябе».


