Прайшло крыху больш за месяц, як у гарадскім Палацы культуры пад кіраўніцтвам Таццяны Немцавай быў створаны наш вакальны гурт «Сяброўкі». У яго склад увайшлі людзі розных характараў, зацікаўленасцей і былых прафесій: ад бухгалтара да швачкі і журналісткі. А аб’ядналі ўсіх не толькі прыкладна аднолькавы «залаты» ўзрост, але і непадробная любоў да прыгожай песні. Такой, напрыклад, як «Стары клён»…
І пачаліся рэпетыцыі. Два разы ў тыдзень на дзве гадзіны ў наша распараджэнне аддалі рэпетыцыйны харавы клас. Канечне, Таццяна Мікалаеўна праяўляла шмат настойлівасці і цярпення, каб давесці да толку нашы пакуль яшчэ нястройныя галасы. Некалькі чалавек з гурта «Сяброўкі» наогул ніколі не спявалі.
Таму пра сцэну, сапраўды, гаварыць было рана. Пакуль што мы з задавальненнем спявалі «для сябе». І тут — навіна! Яе паведаміла нам у час чарговай рэпетыцыі Таццяна Мікалаеўна: на Нараджэнне Хрыстова ў Палацы культуры плануецца калядны баль для пажылых людзей, і нам даручаны яго арганізацыя і правядзенне!
Безумоўна, спачатку былі сумненні: ці зможам? Але ўпэўненасці надала наш кіраўнік: «Усё атрымаецца!». І мы пачалі актыўна рыхтаваць тры песні. Вучыліся спяваць пад мікрафон. А лепшыя нашы галасы — Клаўдзія Несцярчук, Любоў Шэрыкава і Ніна Ягрышчына — нават згадзіліся спяваць сола.
Пакуль мы хваляваліся за свае песні, Таццяна Мікалаеўна рыхтавала цэлы сцэнарый вечара, у які, акрамя танцаў, увайшлі разнастайныя гульні, розыгрышы з прыходам Дзеда Мароза і Снягуркі, конкурсы, загадкі і г.д. Для выступлення каля ёлкі былі запрошаны танцоры з класа аэробікі раённага сацыяльнага цэнтра пад кіраўніцтвам Алены Астапчык.
Гэта быў наш першы «выхад у людзі», наш дэбют. І ўсё атрымалася! Водгукі пра калядны баль былі вельмі прыемныя. Многія з яго ўдзельнікаў прызнавалі, што пасля Ніны Рыгораўны Васечка такога вечара для пажылых людзей у танцавальнай зале Палаца культуры не было.
Але мы ніколькі не зазналіся ад поспеху. Не за гарамі 23 лютага і 8 Сакавіка! Таму цяпер на сваіх рэпетыцыях не сядзім, склаўшы рукі. Ужо выбраны новыя песні для мужчын і жанчын. Улічваючы недаробкі з каляднага балю (а яны, безумоўна, былі), складаецца новы сцэнарый. Дата вечара пакуль што невядома. Але мы абяцаем, што здолеем зноў парадаваць і прыемна здзівіць пружанцаў. Прыходзьце і глядзіце!
Ганна Хадаровіч