У канцы года, калі завяршаецца стары і надыходзіць новы, кожны з нас чакае цудаў. І ў Пружанах гэтыя чаканні спраўдзіліся ўвечары 15 снежня, калі на галоўнай плошчы горада адбылося адкрыццё раённай Навагодняй ёлкі. Яркае, каляровае мерапрыемства «Стартуем у Новы год!» стала адпраўной кропкай у цудоўнае падарожжа зімовага цыклу абрадаў і свят.
Плошча, якая ўпрыгожылася святочнымі агеньчыкамі і дэкарацыямі, ператварылася ў сапраўдны казачны свет. Тут можна было сустрэць знаёмых герояў: Ф’ёку, Лісу, Снегавікоў і іншых. Кожны з іх па-свойму забаўляў гасцей, уносіў сваю часцінку радасці і святочнага настрою.
Самымі чаканымі госцямі, безумоўна, сталі Дзед Мароз і Снягурачка. Іх з’яўлення заўсёды чакаюць затаіўшы дыханне. Гледачы з цікавасцю і захапленнем слухалі іх навагоднія віншаванні і амаль адразу ўключыліся ў гульнёвую праграму. Галоўныя героі свята не толькі радавалі маленькіх гледачоў, але і дарослых, якія разам са сваімі дзецьмі з вялікім задавальненнем удзельнічалі ў конкурсах і забавах.
У гэтым годзе раённая ёлка, вышынёй 22 метры, сапраўды незвычайная. Каб прыгажуня заззяла па-новаму, упершыню быў выкарыстаны шматфункцыянальны камплект «3D», які мадэліруе больш за 20 яркіх светадынамічных эфектаў, а колькасць кіруемых дыёдаў 13744 штукі, якія размешчаны на 75 гірляндах. Сапраўды захоплівае дух ад такой прыгажосці.

Свята не магло абысціся без музыкі і спеваў. На сцэне выступілі мясцовыя ўзорныя калектывы, а таксама вакалісты, якія падарылі гледачам цудоўную навагоднюю праграму. Кожны нумар суправаджаўся незвычайнымі эмоцыямі і бурнымі апладысментамі. Дзеці і дарослыя разам падпавялі атрыстам, ствараючы непаўторную атмасферу адзінства і радасці.
Кульмінацыяй мерапрыемства стала цырымонія запальвання агеньчыкаў. Дзед Мароз і Снягурка заклікалі ўсіх прысутных далучыцца да гэтага доўгачаканага моманту. Калі агеньчыкі заззялі сваім святлом, плошча ажыла яркімі колерамі. Гэта была незвычайная магія чараўніцтва, якая захапіла ўсіх прысутных.

Адкрыццё навагодняй ёлкі стала сапраўдным святам для ўсіх жыхароў горада і раёна. Гэта яркая падзея аб’яднала людзей розных узростаў, стварыла атмасферу радасці і адзінства, і стане адным з самых цёплых і прыемных успамінаў апошняга месяца года. А ззянне агеньчыкаў дадасць навагодняга настрою і веры, што самае лепшае яшчэ наперадзе.

А яшчэ ў гэтыя дні ажыццяўляюцца самыя запаветныя мары, а стаць добрым чараўніком здольны любы жадаючы. Гэты час нам дадзены для таго, каб мы зрабілі ўсё магчымае і немагчымае для нашых дзяцей, каб яны сапраўды адчулі гэтую неверагодную святочную атмасферу. Добрыя справы ніколі не выйдуць з моды, таму рабіце дабро кожны дзень, запальвайце агеньчыкі ў маленькіх сэрцах. Няхай кожнае дзіця будзе акружана цяплом і ўвагай, і абавязкова адчуе сабе часткай вялікага свята.

Жадаем, каб гэты ўзнёслы настрой заставаўся з вамі надоўга. Стартуем у Новы год з любоўю, верай і дабром!
Ірына Велясевіч
Фота Кацярыны Масік
Больш фотаздымкаў тут: https://vk.com/album-23306785_305332290 і https://ok.ru/budni/album/986085697416