Серада бягучага тыдня для сістэмы адукацыі нашага раёна была адзначана чарговай знакавай падзеяй. Цяпер ужо на базе Ружанскай сярэдняй школы імя Казіміра Марача быў адкрыты ваенна-патрыятычны клуб «Юны армеец», у які ўступілі навучэнцы сёмых і дзявятых класаў.

Сёння ў нашай краіне вялікая ўвага ўдзяляецца патрыятычнаму выхаванню дзяцей і моладзі. Што ёсць такое патрыятызм? Канечне, непамерная любоў да Радзімы, жаданне прыносіць ёй толькі карысць, заўсёды быць гатовым стаць яе абаронцам, годна несці званне грамадзяніна сваёй самай непаўторнай Беларусі. Гэта ў агульных рысах. А для навучэнцаў? У першую чаргу добра вучыцца, быць заўсёды чэсным з сабой і таварышамі, прымаць актыўны ўдзел у жыцці школы і роднай старонкі і, канечне, рыхтавацца да таго, каб у будучым стаць абаронцам сваёй краіны. Такая вось пачэсная місія ва ўдзельнікаў ваенна-патрыятычнага клуба.
На мерапрыемства ў актавай зале школы сабралася шмат людзей. Гэта і вучні навучальнай установы, родныя членаў клуба. Канечне, ганаровыя госці: намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч, камандзір вайсковай часці 39212, з якой ужо супрацоўнічаюць юныя патрыёты, палкоўнік Мікалай Іваноў са сваім намеснікам па ідэалагічнай рабоце падпалкоўнікам Алегам Кавальчуком, начальнік групы прызыву на ваенную службу Пружанскага камісарыята капітан Андрэй Якімовіч, настаяцель храма святых апосталаў Пятра і Паўла ў г.п. Ружаны Аляксандр Сень, намеснік дырэктара ТАА «Ружанская мэблевая кампанія» Генадзь Лазар і прадстаўнікі аддзела па адукацыі Алена Дарагасціна і Святлана Супрыновіч.
Што адчуваеш, калі ўносяць Дзяржаўны сцяг, а потым гучыць Дзяржаўны гімн? Гонар, што жывеш у такой прыгожай і спакойнай краіне, жаданне працаваць і вучыцца дзеля яе, заўсёды адстойваць інтарэсы любімай Беларусі. Для пятнаццаці членаў патрыятычнай арганізацыі — расці духоўна ў сваіх вачах і вачах навакольных.

Быць вернымі справе Радзімы, патрыётамі не на словах, а на справе жадала хлопчыкам і дзяўчынкам дырэктар школы Ала Стасюкевіч. Калі дзяржава робіць усё для камфортнага жыцця сваіх грамадзян, значыць, мы павінны штосьці аддаваць узамен, у дадзеным выпадку быць прыкладам ва ўсім для аднакласнікаў, старацца вучыцца, жыць сумленна. А яшчэ Ала Генадзьеўна шчыра дзякавала Ружанскай мэблевай кампаніі за дапамогу ў набыцці новага абмундзіравання для юных членаў клуба, якія сапраўды выглядалі вельмі святочна, нават мелі вельмі сур’ёзны выгляд, разумелі, што ў іх жыцці пачынаецца новы віток, які робіць іх больш сталымі і ўпэўненымі ў сабе.
Ёсць ваенна-патрыятычны клуб — павінен быць і сцяг, які кожны з яго членаў будзе абараняць, з гонарам несці званне яго ўдзельніка. Ганаровае званне ўручыць сцяг кіраўніку клуба Івану Астапчыку было дадзена камандзіру вайсковай часці 39212 палкоўніку Мікалаю Іванову.
Прысяга — гэта ўрачыстае абяцанне, якое з’яўляецца важным прававым і маральна-палітычным актам і якое становіцца для кожнага законам, які патрэбна няўхільна выконваць. На сцэне кожны навучэнец паабяцаў паважліва адносіцца да сімвалаў краіны, узорна выконваць абавязкі члена клуба, не забыць, што цяпер кожны з іх — юны абаронца Айчыны. Пасля чаго адбылося ўручэнне пасведчанняў, падпісаных палкоўнікам Мікалаем Івановым. Як адзначыў Мікалай Барысавіч, уступіць у рады ваенна-патрыятычнага клуба — значыць, стаць сапраўдным грамадзянінам-патрыётам, быць гатовым адстойваць інтарэсы краіны, любіць яе сэрцам і душой.

Намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч пажадаў навучэнцам клуба заўсёды трымаць марку грамадзяніна квітнеючай Беларусі і ў будучым стаць лепшым атрадам у вобласці і нават рэспубліцы, помніць мінулае Радзімы, жахі Вялікай Айчыннай вайны, каб бачыць толькі светлую будучыню, імкнуцца да яе. Пра мір на зямлі гаварыў і настаяцель храма святых апосталаў Пятра і Паўла Аляксандр Сень. Мы павінны верыць ва ўсё светлае і прыгожае, каб жылося нам спакойна і годна.
Дарагія навучэнцы клуба! Расціце мужнымі, разумнымі і добрымі. Сваімі справамі, учынкамі, навучаннем служыце Айчыне!
Нельга не адзначыць шчымлівыя выступленні навучэнцаў школы. Гучалі патрыятычныя песні, выконваліся арыгінальныя танцы. Усё душэўна, каб кожны з удзельнікаў мерапрыемства помніў — ад кожнага з нас залежыць будучае краіны, і не важна, колькі табе гадоў, рабіць добрае і карыснае можа і дарослы, і падлетак.

А работа ваенна-патрыятычнага клуба, згодна распрацаванай на год праграме, будзе арганізавана па суботах з 12.00 да 14.00 гадзін. Ужо паспелі наведацца ў вайсковую часць 39212, дзе з навучэнцамі праводзіліся заняткі па разборцы аўтаматаў, адбылося знаёмства з касцюмамі хімічнай абароны і бронекамізэлькамі. У гэтую суботу адбудзецца набажэнства для юных армейцаў у храме святых апосталаў Пятра і Паўла на добрыя справы і смелыя ўчынкі.
Дабра ніколі не бывае многа, і рабіць яго можна па-рознаму. Напрыклад, пасадзіць дрэва, перавесці бабулю цераз дарогу, прытрымлівацца здаровага ладу жыцця, быць прыкладам у вучобе, любіць сваю краіну. Няхай жа ў навучэнцаў ваенна-патрыятычнага клуба «Юны армеец» ніколі не знікае жаданне з гонарам несці званне чалавека, які ведае, што дабрабыт Беларусі залежыць ад кожнага з нас.
Вадзім Раўнейка
Фота Уладзіслава Шпарлы
Глядзець фотаальбомы: https://vk.com/album-23306785_305269168 і https://ok.ru/budni/album/985933958024