Воскресенье, 12 октября 2025

Канстанцін Шульган: «Пружаншчына для мяне вельмі блізкая»

604

Карэспандэнты задалі Міністру сувязі і інфарматызацыі Канстанціну Шульгану пытанні.

— Канстанцін Канстанцінавіч, якімі Вам запомніліся школьныя гады?

— Я памятаю свой першы клас, першую настаўніцу. У гэтага цудоўнага педагога вучыўся і мой старэйшы брат. Мае бацькі падрыхтоўцы да школы ўдзялялі вялікую ўвагу. Мама была хатняй гаспадыняй, таму час падрыхтаваць мяне да школы, ды і да жыцця ў яе быў. Хачу перадаць ёй нізкі паклон, таму што ў большай частцы гэта яе заслуга разам з настаўнікамі, што я стаў сапраўдным чалавекам.

Успамінаючы першы клас, скажу, што вельмі хваляваўся, партфель падрыхтаваў загадзя, «навёў прычоску» і толькі думаў, каб да лінейкі яна не распалася. Хацеў быць прыгожым. Дарэчы, хваляванні у дзень 1 верасня ніколі не пакідалі і далей.

Памятаю фотаздымак на ганку школы з першай настаўніцай. Гэты здымак у мяне захаваўся. Сёння глядзеў на першакласнікаў і думаў, што і я такім жа быў. А час хутка праляцеў. Таму заўсёды паўтараю, каб не гублялі яго, кожную хвіліну школьнага жыцця прысвячалі навучанню. Гэтае ўсё потым вельмі спатрэбіцца.

Калі быў на адным са святаў 1 верасня ў сваёй роднай школе ў г. Бяроза, то казаў, што заўсёды буду памятаць настаўніцу англійскай мовы. Менавіта яна заклала той узровень ведаў, якім мне прыйшлося карыстацца і ў тэхнікуме, і ваенным вучылішчы і, наогул, па жыцці. Асабліва, калі наведваў ЗША, веданне англійскай мовы мне вельмі спатрэбілася.

Сёння на першым уроку ў першым класе я казаў, што настаўнікі — гэта тыя людзі, ад якіх многае залежыць у будучым жыцці нашых дзяцей. Тут, у гэтай школе, адчуваецца вельмі роднае, блізкае, сямейнае. Адчуваеш сябе як дома. У школе ёсць усё, што трэба ў навучальным працэсе і нават больш — для пазашкольнага выхавання.

— Канстанцін Канстанцінавіч, чуў, што вашы карані адсюль, з Ліноўскага сельсавета.

— Частка каранёў. Мая мама родам з вёскі Тулоўшчына Пружанскага раёна. Так атрымалася, што ўсё дзяцінства я праводзіў у гэтай вёсцы. Я лічу, што гэта другая мая малая радзіма, першая — горад Бяроза. У мяне засталіся самыя цёплыя ўспаміны аб тым часе, калі я прыязджаў у Тулоўшчыну. Вельмі любіў сваіх бабулю і дзядулю. Калі казаць пра выхаванне, то пасля настаўнікаў і бацькоў гэта былі менавіта яны. Больш душэўных людзей, асабліва такіх як бабуля, я ніколі не сустракаў. Яна даравала ўсё, што б мы з братам ні рабілі. Гэтае забыць немагчыма. Адзінае толькі, нядаўна аб гэтым са старшынёй райвыканкама гаварылі, што паміраюць вёскі. Калі прыязджаеш на могілкі, то бачыш, што на тым поле, дзе ганяў у дзяцінстве ў футбол, ужо вырас лес. На жаль, гэта немагчыма спыніць…

Так што Пружаншчына для мяне вельмі блізкая. Гэта не тое месца, якое можна назваць новым для наведвання.

Віктар Ільюшчанка. Фота Кацярыны Масік