Воскресенье, 6 октября 2024

У раённых спаборніцтвах па міні-футболе перамогу атрымала каманда СДЮШАР

623

На спартыўнай пляцоўцы СДЮШАР з 24 па 28 жніўня праходзілі раённыя спаборніцтвы па міні-футболе. Арганізатарамі іх сталі Пружанскі раённы фізкультурна-спартыўны клуб «Мухавец» і Пружанская СДЮШАР. Спонсарамі футбольнага турніру выступілі крамы «Уся электрыка» і «Падшыпнікі», якія знаходзяцца ў «Сіці-цэнтры» на вул. Заводскай.

На працягу пяці дзён па кругавой сістэме спаборнічалі каманды РАНС, РАУС, «Камунальнік», СДЮШАР, «Электрасеткі», «Тарпеда» Пружаны. Азарт, часам жорская барацьба і разам з тым «fair play» панавалі ўсе гэтыя дні на футбольнай пляцоўцы. Каманды СДЮШАР і РАУС пачалі лідзіраваць ужо з першых дзён турніру.

Гульцы ўсіх каманд імкнуліся згуляць на вынік і часта паказвалі яркія, цікавыя моманты, якія радавалі гледачоў, што збіраліся кожны дзень на матчы.

Ва ўпартай барацьбе трэцяе месца заняла каманда «Тарпеда» Пружаны. Усе чакалі гульню лідараў: РАУС і СДЮШАР.

Упэўнена пачаўшы і надзейна гуляючы ў абароне, каманда РАУС у пачатку першага тайма павяла ў ліку — 2:0. Але больш тэхнічныя праціўнікі не разгубіліся, змаглі зраўняць лік, а потым і перамагчы ў другім тайме матча.

Такім чынам, другое месца заняла каманда РАУС, а першай, набраўшы максімальную колькасць ачкоў, стала каманда СДЮШАР (трэнер Алена Адамчук).

Лепшым галкіперам турніру быў прызнаны гулец каманды РАУС Андрэй Скробат, лепшым абаронцам — гулец каманды «Тарпеда» Пружаны Алег Кулакоў, а лепшым нападаючым — гулец каманды СДЮШАР Максім Рубель. Ім уручылі падарункі.

Каманда-пераможца і каманды-прызёры былі ўзнагароджаны кубкамі, а ўсе гульцы гэтых каманд — граматамі і медалямі.

Разам з тым усе ўдзельнікі турніру атрымалі зарад бадзёрасці і спартыўны вопыт, а гледачы – добрыя ўражанні.

Валерыя Адамчук, студэнтка журфака БДУ. Фота аўтара