Воскресенье, 19 января 2025

Па дзіўную казку ў Клепачы: у аграгарадку заззяла агнямі навагодняя ёлка! (+многа фота)

500

Чым бліжэй да Новага года, тым больш у раёне святочных мерапрыемстваў, яркай ілюмінацыі, якая стварае адпаведны настрой. Так, толькі ў мінулыя выхадныя заззялі агеньчыкі адразу на трох навагодніх ёлках раёна. Адна з іх — у аграгарадку Клепачы.

І сапраўды, хто сказаў, што ёлка павінна радаваць выключна жыхароў райцэнтра? Галоўны сімвал Новага года ў Клепачах запаліў агні толькі другі год, але ўжо паспеў прыцягнуць увагу сваёй незвычайнасцю і прыгажосцю. Магчыма, таму госці свята і нашы падпісчыкі ў сацсетках ужо паспелі параўнаць кляпацкую ёлку з парыжскай! Але мы ўпэўнена заяўляем: у Клепачах лепшая!

Свая навагодняя ёлачка ў аграгарадку з’явілася дзякуючы сумеснай рабоце Мокраўскага сельвыканкама і ААТ «Жураўлінае». Разам вырашылі, што каля цэнтральнай сядзібы аднаго з вядучых сельгаставарыстваў раёна павінна быць свая навагодняя ёлка, разам закупілі і напярэдадні 2024-га ўпершыню прэзентавалі яе жыхарам і гасцям населенага пункта. Для разумення: вышыня штучнай ёлкі — з трохпавярховы дом, а здалёк яна свеціцца залацістымі агеньчыкамі.

Пачалося свята, якое адбылося ў мінулую суботу ў Клепачах, прыгожым шэсцем пар Дзядоў Марозаў і Снягурак, а таксама Снегавічкоў. Напярэдадні дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» свята
аб’яднала дзяцей і дарослых з Мокраўскага, Пружанскага і Сухопальскага сельсаветаў, на тэрыторыі якіх раскінулася ААТ «Жураўлінае».

Разам са шматлікімі хлопчыкамі і дзяўчынкамі, іх бацькамі, бабулямі і дзядулямі яны спявалі і танцавалі пад цудоўныя навагоднія песні ад Арыны Джэйкун і Ульяны Сарокі — удзельніц гуртка сольных спеваў «Рытм» Кляпацкага СДК пад кіраўніцтвам Генадзя Чэрніка.

Канечне, не абышлося ў гэты вечар без шматлікіх карагодаў, у тым ліку пад знаёмую і любімую многімі пакаленнямі песню «В лесу родилась ёлочка». Казачныя персанажы падрыхтавалі шэраг гульняў для гасцей свята, а тыя хлопчыкі і дзяўчынкі, якія спраўляліся з імі лепш за іншых ці радавалі навагодняга чараўніка — Дзядулю Мароза — сваімі вершамі і песенькамі, атрымлівалі ласункі. І іх дакладна хапіла на ўсіх!

Як і эмоцый, і віншаванняў з надыходзячым Новым годам. Адно з такіх прагучала ад старшыні Мокраўскага сельвыканкама Вольгі Грышкевіч. «Жадаю, каб у 2025-ым у вас былі моцнае здароўе, мір на зямлі, каб дзеці ўсміхаліся і мы чулі іх звонкі смех. Дабрабыту і ўтульнасці ў кожны дом!» — з такімі цёплымі словамі звярнулася Вольга Віктараўна да жыхароў і гасцей Клепачоў.

Разам са Снегавікамі, Дзядулямі Марозамі і іх унучкамі малыя вызначылі галоўны навагодні атрыбут. І ім аказалася не, не ёлка, а… мандарыны. А вось ААТ «Жураўлінае» можа прапанаваць тое, з чаго можна зрабіць мноства мясных страў. І не толькі. Як адзначыла намеснік дырэктара сельгаспрадпрыемства па ідэалагічнай рабоце Таццяна Асіпчук, навагоднія інсталяцыі, якія можна было ўбачыць падчас свята, — гэта малая частка з таго, што сёлета падрыхтавалі для жыхароў і гасцей Клепачоў.

— Акрамя цэнтральнай плошчы, плануем упрыгожыць туі і кустоўе. Многія ўжо заўважылі абноўлены арт-аб’ект з лічбамі надыходзячага года побач з адміністрацыйным будынкам «Жураўлінага». Адзначу, што змайстравалі яго нашы работнікі, кансультуючыся з энергетыкамі. Увогуле, мяркуем зрабіць адразу некалькі фотазон, каб нашы жыхары і госці вечарам маглі прагуляцца па Клепачах і зарадзіцца навагоднім настроем, — сказала Таццяна Віктараўна.

У поўную сілу Клепачы заззяюць да канца бягучага тыдня. У гаспадарцы і сельвыканкаме адзначылі, што кожны год стараюцца ўнесці ў навагодняе афармленне штосьці новае, дадаць свае «ізюмінкі», тым самым дадаючы ўнікальнасці і нашаму раёну. Дык няхай ёлачка і інсталяцыі ў Клепачах прыцягваюць увагу як жыхароў, так і гасцей Пружаншчыны, радуючы іх і ахінаючы казачным настроем!

Уладзіслаў Шпарла

Фота аўтара

Фотаальбомы глядзіце тут: https://vk.com/album-23306785_305332208 і https://ok.ru/budni/album/986085569672