Воскресенье, 19 января 2025

Разам мы моц і сіла!

223

Чарговым прыпынкам грамадска-культурнай акцыі «Марафон адзінства» стала сталіца першага рэгіёна — горад Брэст. Тут напрыканцы мінулага тыдня было чым заняцца гасцям і жыхарам горада.

На працягу двух дзён Брэст усіх здзіўляў насычанай праграмай: праходзілі цікавыя сустрэчы, працавалі пляцоўкі прадпрыемстваў і арганізацый вобласці. Дарэчы, Пружанскі раён прадстаўлялі пляцоўкі лясгаса, малочнага камбіната і санаторыя «Ружанскі». Тут было даволі шматлюдна. Лясгас прапаноўваў набыць карысны і вельмі смачны лясны мёд. На пляцоўцы малочнага камбіната ішла дэгустацыя сыру. Не абмінулі нашу малочку і высокія госці, а гэта глава Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Крутой, памочнік Прэзідэнта, галоўны інспектар па Брэсцкай вобласці Валерый Вакульчык, старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык. Яны спрабавалі пружанскія сыры з мёдам, хвалілі іх якасць (на здымку ўверсе). Санаторый «Ружанскі» запрашаў прыехаць адпачыць, прыняць карысныя працэдуры. Высокія госці абяцалі абавязкова гэта зрабіць.

Цікавым было мерапрыемства, якое арганізаваў Прэзідэнцкі аркестр Рэспублікі Беларусь разам з мастацкім кіраўніком і галоўным дырыжорам Віталем Кульбаковым. У цэнтральнай зале чакання чыгуначнага вакзала гучалі любімыя для ўсіх мелодыі. Гледачоў было шмат. А яшчэ прайшла сустрэча са спікерамі: генеральным дырэктарам Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзімам Гігіным, дырэктарам «Альфа-радыё» Вадзімам Шэпетам, алімпійскай чэмпіёнкай Юліяй Несцярэнка, народным артыстам Беларусі Уладзімірам Громавым.

На пляцоўцы каля Лядовага палаца Брэста падвялі вынікі маладзёжнага квэста «Гэта ўсё маё роднае». Пераможцам уручыў узнагароды першы сакратар ЦК ГА «БРСМ», член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лук’янаў.

Фіналам рэспубліканскай акцыі стаў канцэрт «Час выбраў нас». Глава Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Крутой, звяртаючыся да прысутных, адзначыў важнасць мерапрыемства, падкрэсліў годнасць горада, у якім прайшоў марафон.

— Брэсцкая ўнія, Брэсцкі мір, Брэсцкая Біблія, Брэсцкая крэпасць — гэта падзеі і з’явы, пра якія ведае ўвесь свет, — заявіў Дзмітрый Крутой. — Ураджэнец Брэстчыны Пётр Клімук стаў першым беларускім касманаўтам, яго аднакласніка — Пятра Пракаповіча — Героя Беларусі — ведае ўся краіна. Брэст — адзін з самых добраўпарадкаваных гарадоў Беларусі, тут высокі ўзровень культуры і жыцця. Глава Адміністрацыі падкрэсліў, што мір, спакой і дабрабыт не ўпалі з нябёс, яны зароблены працай кожнага беларуса і, адпаведна, кожнага брастаўчаніна. Наша краіна ідзе сваім шляхам, мірным і стваральным.

Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык у сваім звароце да прысутных адзначыў, што «Марафон адзінства» пацвердзіў яднанне нашага народа, яго багацце, гасціннасць і любоў да Радзімы.

Брэсцкі рэгіён перадаў эстафету «Марафона адзінства» Гомельскаму.


Віктар Ільюшчанка. Фота Кацярыны Масік