Пятница, 13 июня 2025

Віншаванне ветэрана, пытанні дзейнасці сельвыканкама, арганізацыя гандлю і не толькі: дэпутат Палаты прадстаўнікоў Юрый Наркевіч пабываў у Шаняўскім сельсавеце

309

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь восьмага склікання па Пружанскай выбарчай акрузе № 9 Юрый Наркевіч некалькі дзён на гэтым тыдні працаваў у Пружанскім раёне.

Насычаная праграма рабочай паездкі дэпутата пачалася з візіту ў Шаняўскі сельсавет. У першую чаргу разам са старшынёй Пружанскага раённага Савета дэпутатаў Мікалаем Кудраўцом, старшынёй раённага аб’яднання прафсаюзаў, памочнікам дэпутата Таццянай Гаманчук, старшынёй Шаняўскога сельвыканкама Ірынай Бяляевай, старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК Вольгай Зубковай, старшынёй пярвічнай арганізацыі ветэранаў Ганнай Хатэнка Юрый Іосіфавіч пабываў у гасцях у ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Марыі Аляксандраўны Бабрук.

Паважанай і вельмі прыгожай жанчыне ў жніўні гэтага года споўніцца 101 год. Нягледзячы на такую салідную дату, Марыя Аляксандраўна добра выглядае. Сустракала нас апранутая ў прыгожую сукенку, як кажуць, на сваіх нагах. Пакуль яе віншавалі, ні на хвілінку не прысела. Мала таго, яшчэ і разам з усімі спявала знакамітую «Кацюшу».

Юрый Наркевіч пажадаў Марыі Аляксандраўне сустрэць яшчэ не адно свята Вялікай Перамогі. З такімі ж пажаданнямі да ветэрана звярнуўся і Мікалай Кудравец. Былі падарункі, кветкі і словы ўдзячнасці за нашы мірныя дні.

Пасля такога хвалюючага і ўрачыстага мерапрыемства мы накіраваліся ў будынак сельвыканкама. Алена Бяляева паведаміла Юрыю Наркевічу аб ходзе рэалізацыі зваротаў выбаршчыкаў, з якімі звярталіся да яго, тады яшчэ кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, жыхары сельсавета. Большасць з іх ужо пачалі рэалізоўвацца ў жыццё. І гэта вельмі добра, калі ўвасабляюцца пытанні, здымаюцца праблемы.

Пабывалі мы і ў некалькіх магазінах аграгарадка Шані. Прыемна было бачыць даволі шырокі асартымент харчовай прадукцыі ў магазіне, які належыць Пружанскаму райспажыўтаварыству, добрую выкладку тавараў. Таксама вялікім попытам у мясцовых жыхароў, асабліва работнікаў ААТ «Шані-аграпрадукт», карыстаецца магазін, які адкрыла сельгаспрадпрыемства.

Наведалі і мясцовае аддзяленне паштовай сувязі. Адзін з наведвальнікаў адразу звярнуўся да дэпутата з пытаннямі. І Юрый Іосіфавіч пагутарыў са сваім выбаршчыкам.

У Дзень Вялікай Перамогі Юрый Наркевіч прыняў удзел у шэсці і мітынгу, прысвечаных святу. А ў пятніцу, 10 мая, дэпутат правёў прыём грамадзян і «прамую тэлефонную лінію». Падрабязней пра гэта мы раскажам у нумары газеты за 18 мая.

Віктар Ільюшчанка

Фота аўтара