
Адна з самых суровых і трагічных старонак нашай гісторыі — Вялікая Айчынная вайна. І сёлетняя 79-я гадавіна з Дня Перамогі для ветэранаў працы, якія ў асноўным нарадзіліся ўжо ў пасляваенныя гады, — не проста падстава аддаць даніну памяці вялікаму подзвігу савецкіх воінаў і ўсяго народа, але і перадаць вахту памяці наступным пакаленням.
Памяць жывая, пакуль мы памятаем! Менавіта гэтым пастулатам карыстаюцца і наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ДУ «Пружанскі ТЦСАН». Людзі сталага ўзросту, яны з першых вуснаў ведаюць пра гераічную спадчыну сваіх бацькоў і дзедаў. Напярэдадні Дня Перамогі яны наведалі «Залу Перамогі» ў Пружанскім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы і літаральна акунуліся ў атмасферу ваенных гадоў, у чарговы раз адчулі значнасць Вялікай Перамогі.
Мы пазнаёміліся з гісторыяй стварэння і экспанатамі музея. Сярод іх — і асабістыя рэчы ўдзельнікаў вайны. Таксама тут прадстаўлены стэнды з фатаграфіямі, дакументамі, біяграфіямі, пісьмамі, кнігамі. Сярод дакументальных сведчанняў, дарэчы, — і кніга «Вспомним всех поимённо. Солдаты Победы — нашы земляки», выдадзеная ў 2010 годзе, да 65-годдзя Вялікай Перамогі.

Старшыня прэс-групы Пружанскага савета ветэранаў Ніна Васільеўна Дыдышка распавяла прысутным пра стварэнне кнігі, складальнікамі якой з‘яўлялася яна і іншыя члены савета ветэранаў: Мікалай Якаўлевіч Дулько, Іван Міхайлавіч Алякумаў, Вячаслаў Андрэевіч Гаўрыловіч, Сямён Дзмітрыевіч Капітонаў.
— Гэта была складаная работа. Трэба было абыйсці родных ветэранаў, сабраць звесткі, фатаграфіі. Асвятліць усе этапы вайны, і баявыя дзеянні на франтах, і барацьбу ў партызанскіх атрадах. Да Берліна 40 нашых землякоў дайшлі! І мы не павінны здрадзіць іх памяці.
Ніна Васільеўна прачытала свой верш-роздум пра тое, як заквітнеў бы наш горад, калі б жывымі засталіся людзі, што загінулі маладымі падчас ваеннага ліхалецця. Але іх няма, яны сышлі на нябёсы. Засталася толькі святая памяць…
Адказны сакратар Пружанскага раённага савета ветэранаў Таццяна Капіца распавяла пра ветэранаў, якія цяпер пражываюць у Пружанскім раёне. Гэта ўдзельнік вызвалення Берліна Павел Васільевіч Бальцэвіч, а таксама Уладзімір Іванавіч Грабенка, Павел Афанасьевіч Новікаў, Лідзія Васільеўна Гуга, Марыя Аляксандраўна Бабрук, Ганна Андрэеўна Сабалевіч, Іван Аляксеевіч Корсак… Таксама на тэрыторыі раёна жывуць 36 вязняў фашызму, усе яны падчас вайны былі малымі дзецьмі або падлеткамі. Страшна ўявіць, што давялося перажыць ім, якімі моцнымі духам людзьмі яны аказаліся.
Было сказана шмат добрых слоў падзякі ў адрас ветэранаў за іх ратныя і працоўныя подзвігі. Узгадалі і падзеі Вялікай Айчыннай вайны, вялікіх палкаводцаў гэтага часу.
За Перамогу быў заплачаны самы высокі кошт — кошт чалавечых жыццяў. У лёсе кожнай сям’і вайна пакінула свой след. Нашы дзяды і прадзеды, бабулі і прабабулі кожны дзень здзяйснялі свой непрыкметны подзвіг.
Вайна пакінула след і ў нашай сям’і Смірновых. Мая бабуля Ганна Імануілаўна і дзядуля Навум Іванавіч Самусевы таксама прайшлі па франтавых дарогах, былі адзначаны баявымі ўзнагародамі. Бабуля была зенітчыцай. Цяпер іх ужо няма ў жывых. Але застаецца памяць.
Падобная экскурсія выклікала вялікую цікавасць у людзей «сярэбранага» ўзросту. Несумненна, і нам, і іншым жыхарам Пружан варта працягваць працу па глыбейшым вывучэнні гісторыі роднага краю, каб і ў наступных пакаленнях выхоўваліся пачуццё патрыятызму, гонару за сваю краіну, паважлівае стаўленне да гераічных абаронцаў і свайго мінулага.
Алена СМІРНОВА, спецыяліст па сацыяльнай рабоце ТЦСАН. Фота аўтара