Суббота, 18 апреля 2026

«У школу — з «Белай Руссю»

593

Напярэдадні новага навучальнага года, калі многія сем’і занятыя падрыхтоўкай дзяцей да школы, Пружанская раённая арганізацыя РГА «Белая Русь» працягвае сваю высакародную місію ў рамках рэспубліканскай акцыі «У школу — з «Белай Руссю».

На днях прадстаўнічая дэлегацыя ў складзе старшыні арганізацыі Таццяны Кашкан, яе намесніка Юрыя Карповіча, а таксама актывістаў з Пружанскай ЦРБ Алёны Асіпук і Алены Крачко наведала шматдзетную сям’ю Кацярыны Сарокі, якая пражывае ў Пружанах. Сям’я, у якой гадуецца чацвёра дзяцей, стала адным з адрасатаў дапамогі.


Сустракалі візітоўцаў з гасціннасцю. Усмешлівыя школьніцы Паліна і Даша, засяроджаны будучы першакласнік Максім і маленькі Ванечка, які салодка спаў на руках у мамы, — вось сапраўднае багацце сям’і Сарокаў.


— Мы прыехалі не з пустымі рукамі, — распавядае Таццяна Кашкан. — Нашы падарункі — гэта школьныя прыналежнасці, неабходныя для паспяховай вучобы: сшыткі, ручкі, алоўкі, фарбы, альбомы і іншае. Важна, каб кожнае дзіця адчувала падтрымку і мела магчымасць атрымаць якасную адукацыю, незалежна ад матэрыяльнага становішча сям’і, бо адукацыя — адзін з ключоў да дабрабыту ў жыцці, а дзеці — гэта наша самае каштоўнае багацце і будучыня нашай краіны!

Ва ўтульнай кватэры хутка ўсталявалася цёплая і шчырая атмасфера. Нават хатні гадаванец, раскошны кот, з цікаўнасцю назіраў за тым, што адбываецца, нібы разумеючы важнасць моманту.
Перадаць словамі тыя шчырыя эмоцыі, якія адчуваюць дзеці, атрымліваючы такія патрэбныя падарункі, практычна немагчыма.

Радасць у іх вачах, усмешкі — найлепшая ўзнагарода для арганізатараў акцыі і пацвярджэнне таго, што іх дзейнасць сапраўды патрэбная.

«Вялікі дзякуй «Белай Русі» за такую цудоўную і своечасовую дапамогу! — сказала Кацярына Сарока. — Гэтыя падарункі вельмі важныя для нашай сям’і напярэдадні навучальнага года. Мы вельмі цэнім увагу і клопат!».


Пружанская раённая арганізацыя РГА «Белая Русь» і ў далейшым плануе актыўна аказваць падтрымку сем’ям не толькі ў рамках гэтай акцыі, але і на працягу ўсяго года, імкнучыся стварыць спрыяльныя ўмовы для развіцця і навучання кожнага дзіцяці.


Крысціна Асіпчук

Фота Кацярыны Масік