
«Адзіная адукацыйная прастора Пружанскага раёна: дасягненні сучаснасці і кропкі далейшага росту» — менавіта пад такой назвай у СШ № 1 імя ЧБВА адбылася жнівеньская канферэнцыя педагагічных работнікаў рэгіёна. Традыцыйна такое пасяджэнне дае стартавы сігнал педагагічнай грамадскасці раёна да новых ідэй і крэатыўнага творчага пошуку, вызначае актуальныя стратэгіі і арыенціры развіцця сістэмы адукацыі на новы навучальны год.



Жнівеньская канферэнцыя — гэта сустрэча аднадумцаў, свята майстэрства, таленту і вопыту, а таксама падвядзенне вынікаў работы за мінулы навучальны год. У 2025 годзе двайное свята: 85-годдзе ўтварэння Пружанскага раёна і 80-годдзе Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Менавіта гэтай тэме была прысвечана інтэрактыўная выстава ў холе школы, якая складалася з 16 лакацый. Творчы падыход навучальных устаноў да яе стварэння не пакінуў абыякавым нават самага дасведчанага гледача. Тут усё дыхала гісторыяй: фатаграфіі памятных месцаў, ваенная атрыбутыка, распрацаваныя маршруты баявой славы, творчыя работы юных тэхнікаў-мадэлістаў, гульнявое лато, выступленні дашкольнікаў і многае іншае.
Усе памятаюць, што 2025 год Кіраўнік дзяржавы аб’явіў Годам добраўпарадкавання, а далей нас чакае — пяцігодкай якасці. Менавіта павышэнне якасці адукацыі — асноўная задача для ўсёй адукацыйнай сістэмы. На вырашэнне гэтай задачы, удасканаленне навучальнага працэсу, прыняцце мер па сацыялізацыі вучняў у дынамічных умовах лічбавага грамадства, падрыхтоўку іх да ўсвядомленага выбару прафесіі накіраваны змяненні ў Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб адукацыі.
У рабоце канферэнцыі прынялі ўдзел педагагічныя работнікі, кіраўнікі ўстаноў дашкольнай, дадатковай, агульнай сярэдняй адукацыі, ветэраны працы, маладыя спецыялісты, ганаровыя госці.
У сваім дакладзе начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Аляксандр Момлік падвёў вынікі работы за мінулы навучальны год, а таксама адзначыў, што цяпер развіццё адукацыі — адзін з прыярытэтных напрамкаў жыцця дзяржавы ў цэлым. Умацаванне нацыянальнай сістэмы адукацыі будзе магчыма толькі тады, калі кожная навучальная ўстанова будзе разумна спалучаць традыцыйныя і інавацыйныя падыходы да арганізацыі вучобы і навуковай дзейнасці, уносіць свой асабісты ўклад ва ўстойлівае развіццё ўсёй адукацыі.
З дакладамі аб выніках работы, новых ідэях і іх практычнай рэалізацыі таксама выступілі вопытныя педагогі, загадчыкі дзіцячых садоў, дырэктар гімназіі, раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Асноўныя аспекты — актуальныя напрамкі дзейнасці ўстаноў дашкольнай адукацыі па развіцці і выхаванні навучэнцаў, прафесійная кампетэнтнасць педагагічных кадраў, арганізацыя кіраўніцкай дзейнасці, адукацыя дзяцей з асаблівымі патрэбамі як неабходная ўмова стварэння інклюзіўнага грамадства, роля ваенна-патрыятычнага выхавання ў фарміраванні асобы навучэнцаў і многія іншыя. Дакладчыкі адзначылі высокі ўзровень падрыхтаванасці навучэнцаў, а таксама вялікі асабісты ўклад настаўнікаў у навучанне, развіццё і выхаванне падрастаючага пакалення.
Педагагічнымі работнікамі таксама было падкрэслена, што развіццё дзяцей на ўсіх ступенях сталення мае важнае значэнне. Як асаблівы этап фарміравання асобы — дашкольныя гады. Менавіта з іх пачынаецца будаўніцтва і развіццё характару, здольнасцей, навыкаў. Таксама вызначана, што асноватворным навыкам для паспяховай сацыялізацыі і адаптацыі асобы ў свеце сёння становіцца функцыянальная пісьменнасць. Дзеці не павінны завучваць усё на памяць, зубрыць матэрыял, а вучыцца ў прадстаўленай інфармацыі знайсці для сябе патрэбнае, а потым прымяніць у жыцці.
У гэты дзень у адрас педагогаў гучалі толькі цёплыя словы віншаванняў і пажаданняў, да якіх далучыўся старшыня раённага выканаўчага камітэта Міхаіл Грышкевіч, а таксама ўручыў граматы і лісты падзякі ад райвыканкама лепшым педагогам раёна.
— Мінулы навучальны год багаты важнымі для ўстаноў адукацыі падзеямі і дасягненнямі, а ўсе поспехі і ўзнагароды дзяцей — ацэнка якасці працы настаўніка. У першую чаргу, хачу выказаць словы падзякі за праведзеную работу, за вопыт і веды, якія вы перадаяце вучням і маладым спецыялістам. Якасная прадукцыя, кваліфікаваныя кадры на прадпрыемствах, добрыя ўрачы, інжынеры, кіраўнікі — усяго гэтага немагчыма дасягнуць без вашай працавітасці і якаснай адукацыі. Менавіта ад вас, шаноўныя педагогі, залежыць вектар развіцця не толькі асобных галін, але і ўсёй краіны, — адзначыў Міхаіл Міхайлавіч.
Асаблівую ўвагу развіццю сістэмы адукацыі Пружаншчыны ўдзяляе раённы Савет дэпутатаў. У сваім прывітальным слове старшыня Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец падкрэсліў:
— Безумоўна, усё лепшае ў чалавеку ад настаўніка. Ён як маяк, на святло якога цягнуцца юныя розумы маладога пакалення. Прыемна, што педагагічны калектыў раёна штогод папаўняецца новымі кадрамі. У гэтым навучальным годзе пачынаюць свой працоўны шлях 12 маладых спецыялістаў. Яны задорныя, крэатыўныя, адрозніваюцца мабільнасцю, дынамізмам, уменнем хутка і эфектыўна прымаць рашэнні. І няма сумнення ў тым, што зусім хутка вы зможаце дамагчыся прызнання свайго прафесіяналізму, павагі калег і вучняў.
Ад раённага Савета дэпутатаў, ад галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта, раённага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, а таксама Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь за шматгадовую добрасумленную працу, дасягнутыя поспехі ў навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення Ганаровымі граматамі ўзнагароджаны лепшыя педагогі Пружаншчыны. У гэты дзень былі падведзены вынікі раённых спабор-ніцтваў. Установы адукацыі, якія занялі 1, 2, і 3 месцы, былі ўзнагароджаны дыпломамі і спецыяльнымі кубкамі аддзела па адукацыі райвыканкама. Таксама па выніках круглагадовай раённай спартакіяды работнікаў адукацыі дыпломы і кубкі атрымалі лепшыя каманды, якія занялі прызавыя месцы. Завяршылася сустрэча святочным канцэртам, які падрыхтавалі артысты раённага Палаца культуры
Паважаныя педагогі, настаўнікі і захавальнікі ведаў! Прыміце самыя шчырыя словы віншаванняў і пажаданняў з надыходзячым Днём ведаў. Вось і закруціцца зноў карусель новага навучальнага года з яго званкамі, сшыткамі, кантрольнымі і захапляльным падарожжам у свет навук. Няхай ён будзе поўны яркіх адкрыццяў, шчырых дзіцячых усмешак і гонару за поспехі вашых вучняў. Жадаем вам здароўя, цярпення і невычэрпнага натхнення! Яркіх фарбаў эмоцый, залатых узораў мудрасці і шэдэўраў педагагічнага таленту! Тварыце з задавальненнем!
Ірына Велясевіч
Фота Кацярыны Масік
