І зноў адна з самых папулярных у гэты час года — зразумела, пасля жніва і падрыхтоўкі да школы, — тэма: святы вёсак. Падстава сабрацца разам з землякамі, парадавацца сустрэчы, стаць героямі ўшанаванняў. Ды шмат чаго прыносяць падобныя мерапрыемствы, што наладжваюць у буйных і зусім маленькіх населеных пунктах. Апошнім часам мне пашчасціла пабываць яшчэ на двух такіх святкаваннях. Дзялюся ўражаннямі.
«Ліноўскі гасцінец»
Трэці год запар у Лінова праводзіцца не проста свята аграгарадка, а самы сапраўдны фестываль, у якім маюць магчымасць прыняць удзел прадпрыемствы і арганізацыі сельсавета, жыхары бліжніх вёсак. І галоўным, зразумела, засталося жаданне арганізатараў падарыць мясцовым жыхарам радасныя мінуты і гадзіны, запальныя песні і шчырыя словы. І гэта ўдалося.
Са сцэны гучалі віншаванні ў адрас старажылаў. Найстарэйшай жыхаркай сельсавета з‘яўляецца Яўгенія Аляксандраўна Матуліс з аг. Лінова, якая роўна год таму адзначыла 100-гадовы юбілей. Адзіны ветэран вайны, які пражывае тут, — 99-гадовы Павел Васільевіч Бальцэвіч з Аранчыц, удзельнічаў у бітве за Берлін.

Ушаноўвалі сямейныя пары, якія ў каханні і згодзе пражылі разам доўгія гады, адзначылі сярэбраныя, залатыя і, як Аркадзій Міхайлавіч і Таццяна Іванаўна Сідарукі з Аранчыц, нават ізумрудныя вяселлі. Падарункі старшыня сельвыканкама Таццяна Мардань уручыла таксама імяніннікам усіх узростаў. Аднавяскоўцам прысвячалі свае песні творчыя калектывы Ліноўскага СДК, у тым ліку народны гурт «Бабіна лета», які сёлета адзначыў сваё 35-годдзе. Радавалі сваімі нумарамі юныя спевакі і танцоры з Ліноўскай СШ і Ліноўскай школы мастацтваў.

Традыцыйна віншаваў прысутных, сярод якіх было нямала як сённяшніх працаўнікоў, так і ветэранаў мясцовага сельгаставарыства, дырэктар ААТ «Ліноўскае» Васіль Казмярчук. «Якімі б мы рознымі ні былі, усіх нас аб‘ядноўвае любоў да свайго роднага краю, жаданне зрабіць яго квітнеючым», — зазначыў Васіль Васільевіч.
Кіраўнік гаспадаркі адзначыў адказную працу ўсіх, хто ўдзельнічаў у сёлетнім жніве: убіраў, адвозіў, дапрацоўваў збожжа новага ўраджаю, — і ўручыў граматы, грашовыя прэміі і падарункі пераможцам спаборніцтва.

Варта сказаць, што на свяце маглі знайсці цікавы занятак дзеці рознага ўзросту. У малых была магчымасць не толькі пакатацца на машынках, паскакаць на тарзанках і батутах, пакатацца з горак: для іх клоун Лёнік наладзіў пеннае шоу. Вось ужо радасці было! І вельмі сімвалічна, што высока ў блакітным небе якраз над пляцоўкай, дзе забаўляліся дзеці, раптам пачаў апісваць кругі бусел. Адзін, другі, трэці… Магчыма, падлічваў, колькі новых ліноўцаў варта «прынесці» на радасць бацькам.
10 год — таксама юбілей

А на сцэне ўсё змяняліся выканаўцы. Да «Ліноўскага гасцінца» прымеркаваў святкаванне свайго 10-годдзя вакальны гурт «Каханачка». Такую значную падзею яго ўдзельніцы вырашылі адзначыць юбілейным канцэртам. Тут ужо проста немагчыма было ўседзець на месцы, ногі самі пускаліся ў скокі. Павіншаваць «Каханачку» з такой падзеяй прыехалі спевакі з Роўбіцкага і Хараўскога СКБ, якія толькі надалі імпэту канцэрту. Старшыня сельвыканкама Таццяна Мардань уручыла мастацкаму кіраўніку Яўгеніі Васілюк Ганаровую грамату Пружанскага раённага Савета дэпутатаў, а ўсім удзельніцам калектыву —памятныя падарункі.
Далей прысутных радавалі свамі спевамі народны ансамбль «Землякі» з Ваўкавыска і калектыў Пружанскага гарадскога Палаца культуры «Варыянт».
Усё гэта было вельмі гучна, прыгожа, эмацыянальна. Завяршылася свята дыскатэкай «Пад зорным небам».
Ірына Сядова
Фота аўтара
Фотаальбомы са свята глядзіце тут: https://vk.com/album-23306785_303739711 і https://ok.ru/budni/album/982169680008
