Среда, 15 июля 2026

Праехаліся па вадаёмах і даведаліся, з якімі вынікамі завяршаецца купальны сезон-2024 на Пружаншчыне

454

Купальны сезон завяршаецца… У бягучым годзе спрыяла і надвор’е, і прынятыя падчас падрыхтоўкі да сезона намаганні. А з чым жа ён завяршаецца? На мінулым тыдні мы разам са старшынёй раённай арганізацыі таварыства выратавання на водах Юрыем Амельянчуком і старшым інспектарам па дазваляльнай рабоце РАУС Максімам Ліцкевічам праехаліся па некаторых вадаёмах раёна і паглядзелі, у якім стане зараз пляжы і як на іх адпачываюць людзі.

Першым аб’ектам наведвання стала возера ў г.п. Шарашэва. Зараз попыт на адпачынак ля вады знізіўся, затое вакол вадаёма тэрыторыя была чыстая і дагледжаная. На пытанне матросу-выратавальніку Паўлу Штыкаву аб тым, ці бывалі выпадкі неналежнага абыходжання з інфраструктурай, мы атрымалі ў адказ упэўненае «не».

— У спрыяльныя дні на гэтым возеры адпачывае каля 40 чалавек, а ў самыя спякотныя іх колькасць павялічваецца. У гэтым сезоне грубых здарэнняў не назіралася. Калі бачым дзяцей да 14 гадоў без суправаджэння дарослага, то да вадаёма не падпускаем, гэта тычыцца і людзей у стане алкагольнага ап’янення, — адзначыў матрос-выратавальнік.

Пасля мы адправіліся да вадаёма, які размяшчаецца каля аг. Лінова. Тут ужо былі наведвальнікі, але не шмат. Сям’я, якая прыехала адпачыць да сваякоў з Мінска, знаходзілася разам з дзецьмі, і ў гутарцы з намі падкрэсліла, што зона адпачынку добраўпарадкавана нядрэнна.

Матрос-выратавальнік ААТ «Ліноўскае» Алег Папко, які знаходзіўся ў гэты момант на дзяжурстве, расказаў нам, што экстрэмальных сітуацый на вадаёме за гэты сезон зафіксавана не было. Назіраліся выпадкі парушэння правіл паводзін на вадзе, але пасля правядзення гутаркі грамадзяне рабілі правільныя высновы і пачыналі весці сябе інакш. Варта адзначыць, што ўся падрыхтаваная інфраструктура да пачатку купальнага сезона захавалася ў добрым стане і па сённяшні дзень.

Апошнім аб’ектам нашага рэйда стала гарадское возера, на якім адпачывальнікаў было куды больш, чым у іншых месцах. Мы пагутарылі з адной сям’ёй і ўручылі дзецям прафілактычныя матэрыялы, як неабходна паводзіць сябе на вадзе, каб заставацца ў бяспецы.

У цёплыя выхадныя дні на возеры Лебядзіным, як афіцыяльна яго называюць, адпачывае да 150 чалавек, а ў спякотныя і ўвогуле больш за дзвесце. Таму хацелася даведацца, як тут праходзіць купальны сезон і з якімі сітуацыямі сутыкаюцца выратавальнікі.

— Сезон праходзіць спакойна. Парушэнні з боку адпачывальнікаў ёсць, але, як правіла, яны прыслухоўваюцца да заўвагі і не паўтараюць сваіх памылак. Варта адзначыць, што з боку бацькоў кантроль за дзецьмі не заўсёды знаходзіцца на належным узроўні. Быў выпадак, калі мужчына прыйшоў з малымі на вадаём і прынёс з сабой у пакеце алкагольны напой. Затым, ужыўшы яго, стаў зусім няўважлівы, дзеці далучыліся да іншых адпачывальнікаў і ўжо хацелі разам з імі пакінуць возера, але іх вярнула жанчына. Пасля чаго мы знайшлі іх бацьку, прачыталі сур’ёзную лекцыю і адправілі дадому, — расказаў матрос-выратавальнік ТВВАД Валерый Катыла.

Вынікі нашага рэйда мы падвялі са старшынёй раённай арганізацыі таварыства выратавання на водах Юрыем Амельянчуком.

— У нашым раёне ў гэтым годзе на вадаёмах патанулі два чалавекі, абодва былі пад уздзеяннем алкагольнага ап’янення. Хоць знаходжанне ў такім стане забаронена, але гэта ўсё роўна з’яўляецца адным з галоўных парушэнняў сярод аматараў адпачынку ля вады. Таксама часта сустракаюцца выпадкі плавання на матрацах і знаходжання паблізу вадаёмаў дзяцей да 14 гадоў без суправаджэння дарослага. Што тычыцца інфраструктуры зон адпачынку, то тут сітуацыя паляпшаецца з кожным годам. Людзі ўсведамляюць, што ўсе гэтыя работы зроблены для іх карысці. Можна адзначыць са станоўчага боку і ўзровень культуры грамадзян, большасць з якіх прыбіраюць пасля сябе смецце.

Хоць купальны сезон і падыходзіць да канца, але на гэтым тыдні чакаецца спякотнае надвор’е, людзей, якія будуць адпачываць каля вадаёмаў, стане больш, што прымусіць выратавальнікаў быць пільнымі. Каб аблегчыць іх працу, а свой адпачынак зрабіць бяспечным, неабходна выконваць правілы паводзін на вадзе.

Руслан Басак.

Фота аўтара