Напрыканцы мінулага года раённым аддзяленнем Фонду міру была абвешчана дабрачынная акцыя па збору сродкаў для 12-гадовай Арыны Семянчук, якой патрабавалася тэрміновая аперацыя на пазваночніку. Як расказвае сакратар аддзялення В.І.Матвіенка, жыхары раёна прынялі ў гэтай акцыі актыўны ўдзел.
-ДУМАЛАСЯ, што напярэдадні навагодняй мітусні, негатыўнага ўздзеяння эканамічнага крызісу мала хто пажадае ўдзельнічаць у акцыі,— расказвае Віталь Іванавіч.— А тут за няпоўны месяц — 25 мільёнаў рублёў!
Адгукнуліся не дзясяткі — сотні людзей, пераводы сталі паступаць з усіх арганізацый Пружаншчыны. Ды што там раён, рэспубліка адрэагавала на бяду дзяўчынкі. Напрыклад, у сталіцы ў офіс Фонду прыйшоў малады чалавек, які прынёс вялікую суму ў валюце! Сапраўды, праблема Арыны проста аб’яднала нас усіх.