Воскресенье, 26 октября 2025

Карэспандэнты выехалі на месца звалкі непадалёк ад Сланімцоў і паглядзелі, ці прыбрана смецце

408

Зусім нядаўна мы бралі інтэрв’ю наконт сітуацыі са звалкамі ў Пружанскім раёне ў начальніка інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Вольгі Дрозд. На гэты раз вырашылі сумесна выехаць на адно з такіх праблемных месцаў, дзе часцяком выяўляецца выкінутае фізічнымі асобамі смецце і паглядзець, якая карціна там зараз.

Варта адзначыць, што абраным месцам стаў участак, які належыць ААТ «Пружанскае» і знаходзіцца непадалёк ад в. Сланімцы. Побач праходзіць гравійная дарога, якая злучае горад і вёску. Месца было абрана невыпадкова. У першай палове лістапада раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ўжо выяўляла тут немалую колькасць бытавога смецця і накіроўвала землекарыстальніку інфармацыйны ліст аб яго ліквідацыі, на што ААТ «Пружанскае» адразу адрэагавала. Мы вырашылі ўбачыць на свае вочы, як выглядае дадзены ўчастак усяго праз тыдзень пасля праведзеных мерапрыемстваў па ліквідацыі звалкі. Калі ж прыбылі на месца, то выявілі зноў выкінутае грамадзянамі смецце, а землекарыстальнік нанова атрымаў інфармацыйны ліст, у якім указана аб неадкладнай уборцы.

Выяўленае ў першай палове лістапада смецце на землях ААТ «Пружанскае».

Як жа змагацца з праблемай? З такім пытаннем мы звярнуліся да галоўнага агранома ААТ «Пружанскае» Пятра Федасюка.

— Пры выяўленні смеццязвалак мы іх адразу ж і ліквідуем. Як адзін з метадаў барацьбы з імі практыкавалі ўстанаўленне папераджальнага знака, але хтосьці яго дастаў і выкінуў. Будзем зноў спрабаваць усталёўваць яго ў месцах, дзе часцей за ўсё ствараюцца несанкцыянаваныя звалкі. Таксама плануем пачаць акультурваць такія тэрыторыі, бо, як правіла, людзі пазбаўляюцца ад сваіх адходаў там, дзе не зусім дагледжана. На жаль, на ліквідацыю «смеццязборніка» ідзе шмат часу і сіл, а сітуацыя кардынальна не паляпшаецца, — падкрэсліў Пётр Васільевіч.

Гэтае ж месца пасля ўборкі.

Вядома, у сельскагаспадарчых арганізацыях хапае і іншай важнай работы, асабліва гэта тычыцца перыяду з вясны па восень, а безадказныя грамадзяне дадаюць яшчэ нагрузку, ускладняючы рабочы працэс. Таму ў чарговы раз звяртаемся да ўсіх людзей і просім іх быць больш адказнымі да навакольнага асяроддзя, і не смяціць дзе захацелася. Няўжо прыемна бачыць раскіданыя па полі і лесе адходы?

Што ж тычыцца саміх землекарыстальнікаў, то хочацца, каб і яны працавалі ў гэтым напрамку больш актыўна і непасрэдна садзейнічалі памяншэнню колькасці звалак шляхам розных метадаў барацьбы з імі. Напрыклад, акультурвалі тэрыторыі, устанаўлівалі розныя папераджальныя знакі і фотапасткі ў месцах, дзе неаднаразова выяўлялася смецце.

Руслан Басак

Фота Кацярыны Масік