Якая наша гасціннасць? Ці ўсё зрабілі, каб прыняць гасцей, знайсці, што паказаць, пачаставаць прысмакамі, арганізаваць добры начлег? Гэтыя і іншыя пытанні агучваліся падчас пасяджэння райвыканкама.
Спачатку заслухалі падрабязны даклад галоўнага спецыяліста райвыканкама па спорце і турызме Вольгі Клімук, якая паведаміла, як рэалізуецца Дзяржаўная праграма «Беларусь гасцінная» на 2021—2025 гады ў Пружанскім раёне. Вольга Яўгеньеўна адзначыла, што мэтавыя паказчыкі дзярж-праграмы на Пружаншчыне выконваюцца. Вызначыла станоўчую работу па забеспячэнні росту экспарту турыстычных паслуг у 2024 годзе ў ААТ «Санаторый «Ружанскі», гасцініцы «Мухавец» КУВП «Камунальнік», Пружанскім лясгасе, грамадска-культурным комплексе «Мікалаеўскі» ААТ «Жураўлінае». Затым былі акрэслены неабходныя меры, якія, на думку Вольгі Яўгеньеўны, павінны павялічыць цікавасць турбізнесу, інтарэс турыстаў да Пружанскага раёна.
Адзначу, што за апошнія некалькі гадоў да нас стала наведвацца больш гасцей. Пружаншчына стала для іх прыцягальнай. Гэтаму паса-дзейнічаў не толькі бязвіз, але і работа ў галіне турызму, правядзенне такіх знакавых мерапрыемстваў, як 590-годдзе Пружан (ліпень 2023 го-да), рэспубліканскага спартыўна-культурнага фестывалю «Вытокі», а яшчэ рок-фестывалю «Сонцастаянне», якія праводзіліся ў чэрвені гэтага года. Дарэчы, «Сонцастаянне» прэтэндуе выйсці на міжнародны ўзровень, бо пра гэтае свята рок-музыкі ведаюць не толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах. Чакаецца, што ў наступным годзе да нас прыедзе яшчэ больш гасцей. Яно добра, што прыток турыстаў павялічваецца. Але гэта патрабуе і ад нас паляпшэння ўзроўню паслуг: размяшчэнне гасцей, арганізацыю іх харчавання. Вось з гэтым не так усё і добра. Такую заўвагу падчас разгляду пытання зрабіў старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч. І тут Міхаіл Міхайлавіч мае рацыю. Дзе лёгка перакусіць, ды і паабедаць, у нас ёсць месцы. А вось паказаць пружанскі каларыт у стравах нацыянальнай кухні, даць паспытаць ды добра накарміць прысмакамі можна толькі тэарэтычна, пагартаўшы старонкі кнігі «Пружанская кулінарыя». Гэты маляўнічы і вельмі «апетытны» альбом быў выдадзены ў мінулым годзе да юбілею Пружан. А дзе рэальна іх паспытаць? Нідзе! Здаецца, не бачыў я гэтыя прысмакі ў меню нашых сталовых, рэстаранаў і кафэ. Давялося паспрабаваць толькі каўбасу бульбяную. Прыгатавала яе загадчыца Старавольскага сельскага клуба-бібліятэкі Наталля Дарошчанка. Смачна, сытна, самабытна. Чаму не ўзяць на ўзбраенне нашы каларытныя, разнастайныя пружанскія стравы? Ёсць у нас сушы-бары, бургерныя, шавермныя… і гэта добра. Выбраць, дзе паесці, можна. Але, чамусьці мы «саромеемся» нашых традыцыйных беларускіх страў. А іх жа вялікае мноства: цярцюха, мачанка, бабка, верашчака, клёцкі, дранікі нарэшце… Здзівіць замежных гасцей, ды і сваіх, беларускіх, нашымі стравамі можна. Як сказаў Міхаіл Міхайлавіч, пасля такой гасціннасці яны зноў захочуць вярнуцца да нас, патраціць у нас грошы, бо турысты з пустымі кашалькамі рэдка вандруюць. Ды і нашыя жыхары пры правядзенні ўрачыстасцей не будуць заказваць стравы ў суседнім Бярозаўскім раёне.
Паўтаруся, турыстычны патэнцыял Пружаншчыны вельмі вялікі, у нас тут такая прырода, адна толькі Белавежская пушча чаго вартая, столькі памятных, прыгожых мясцін, помнікаў архітэктуры, музеяў. Ёсць нават унікальны музей народнага майстра Рэспублікі Беларусь Міколы Тарасюка «Успаміны Бацькаўшчыны», што ў вёсцы Стойлы. Сюды едзе вялікая колькасць паломнікаў-турыстаў, дзяцей. Бо ўбачыць цэлую краіну з драўляным людам — унікальная магчымасць.
Ружанскі палац роду Сапегаў далёка вядомы за межамі краіны. Не менш вядомы і наш знакаміты Пружанскі палацык. Тут столькі ладзіцца выстаў!
Ёсць у нас і нямала аграсядзіб. Напрыклад, «У Алеся». Яго гаспадыня Галіна Шэпель таксама прысутнічала на пасяджэнні райвыканкама. Ёсць у рабоце гэтай аграсядзібы некаторыя цяжкасці, якія яны самі стараюцца пераадольваць. Жанчына толькі папрасіла дапамагчы з указальнікамі, каб зарыентаваць жадаючых да іх прыехаць. Указальнік яны зрабілі, але не таго фармату. Ведаеце, у галіне аграэкатурызму ў нас яшчэ таксама шмат «белых плям», не ўсё так проста ў гэтым напрамку.
Пералічваць славутасці пружанскай зямлі можна доўга. Засталося нам гэтыя ўсе дыяменты аздобіць прыгожай аправай, зрабіць добрую рэкламу, не сядзець і чакаць, калі нехта прыедзе, а самім заклікаць, распаўсюджваць інфармацыю, нават легенды, і прымаць гасцей з усіх краёў. Так, як, напрыклад, робіць санаторый «Ружанскі». Вось дзе рэклама! Дырэктар гэтага санаторыя-курорта Уладзімір Карпечкін нават дранікі на тэлебачанні гатаваў. А колькі тут знакамітасцей перабывала! Таму і ведаюць пра нашу здраўніцу па ўсім свеце. Тут самае гаючае паветра, самая жывая мінеральная вада, самыя лепшыя працэдуры, адпачынак, спецыялісты і проста людзі. Яно так і ёсць, бо не ехалі б сюды натоўпы жадаючых. Паспрабуй трапіць у гэты санаторый. Не так і лёгка. Месцы распісаны далёка наперад. Ёсць чаму вучыцца. Засталося дасканала спасцігнуць гэтую навуку.
Віктар Ільюшчанка
Фота Кацярыны Масік