Воскресенье, 26 октября 2025

Дыплом на вобласці — матывацыя на будучыя перамогі для работнікаў ААТ «Ружаны-Агра»

375

У сельскай гаспадарцы не павінна быць людзей выпадковых, абыякавых да ўсяго, што іх акружае, чэрствых душой. Бо тут адзін за ўсіх і ўсе за аднаго. Хвала тым, хто на камбайнах штогод перамалочвае тоны зерня, дзякуй усім вадзіцелям за аператыўную перавозку збожжа. Работа гэтых шчырых працаўнікоў навідавоку. А вось аператары зернесушыльных комплексаў не так бачны, пры гэтым яны таксама ўкладаюць нямала сіл у агульную справу краіны — напаўненне збожжавай скарбонкі.

Таксама трэба падрыхтавацца да жніва загадзя, прывесці комплекс у поўную баявую гатоўнасць, каб пазбегнуць аўральных момантаў. І падчас уборкі не лягчэй, бо працаваць даводзіцца кругласутачна, нельга спыняцца ні на мінуту. Яшчэ ж праводзіцца кантроль за вільготнасцю зерня, ступенню і якасцю яго ачысткі. І ўсё для таго, каб круглы год быць з хлебам.

Алег Паўловіч, Сяргей Левянкоў, Дзмітрый Лазар і Андрэй Юрэня — супрацоўнікі ЗСК-80 «Калазубы» ААТ «Ружаны-Агра».

Аператары ЗСК-80 «Калазубы» з ААТ «Ружаны-Агра» занялі другое месца ў вобласці (дарэчы, у той жа намінацыі, што і ААТ «Жураўлінае»), з умоўнай колькасцю зерня 13292,4 тоны — гэта дарагога каштуе. Што ёсць такое дыплом з вобласці для Сяргея Левянкова, Алега Паўловіча, Андрэя Юрэні і Дзмітрыя Лазара? Неслабая матывацыя на будучыя перамогі: калі заўважылі на ўзроўні абласнога выканаўчага камітэта, то чаму не пастарацца выйсці на рэспубліку. І сапраўды, для такіх бравых хлопцаў ці могуць быць перашкоды ў дасягненні пастаўленых задач? Калі цябе хваляць за якасна выкананую работу, то гэта толькі ўзмацняе жаданне працаваць яшчэ з большымі сіламі, паказаць, што нездарма ясі хлеб, яшчэ можаш многае і хочаш большага.

Варта па-чалавечы парадавацца за людзей, якія ў Год якасці і працуюць сумленна і адказна. Яны не на словах ведаюць, што пад ляжачы камень вада ніяк не зацячэ і бліны са смятанай не з неба падаюць.

Вадзім Раўнейка

Фота Кацярыны Масік