Сабраць ураджай і перавезці яго ў цэласці і захаванасці патрабуе вельмі сур’ёзнага стаўлення да справы. Але давесці яго да кандыцыі, каб потым залацістае зерне захоўвалася доўгі час, — таксама нялёгкая праца, якая павінна не толькі добра аплачвацца, але і ўзнагароджвацца.
Ніколі не трэба баяцца пакараць новыя вяршыні, у тым ліку працоўныя. У гэтым нічога заганнага няма, наадварот, калі ёсць порах у парахаўніцах, імкніся наперад, паказвай прыклад астатнім, запальвай свой факел перамогі.

І такі факел запаліла звяно ЗСК-50 з ААТ «Жураўлінае» на ўзроўні вобласці. Генадзь Тарасевіч, Дзмітрый Вайцяховіч, Дзмітрый Тарасевіч і Аляксандр Місюля ад Брэсцкага аблвыканкама ўпершыню атрымалі дыплом, ды яшчэ і за І месца. Калі асобны чалавек ці калектыў займаюць прызавыя месцы, хочацца даведацца, што дало штуршок да перамогі? Пра гэта і пагутарылі са старшым аператарам Генадзем Тарасевічам.
— Па-першае, павінны быць створаны належныя ўмовы для працы, аб гэтым паклапацілася кіраўніцтва гаспадаркі. Калі да цябе добра, то, канечне, і ты будзеш старацца аддзячыць тым жа. Ды і калектыў у нас падабраўся дружны, ніхто не адседжваецца за спінай другога, а стараецца заўсёды дапамагчы, мы — адна каманда, якая бачыць перспектыву ў рабоце. Многа, канечне, залежыць і ад ураджайнасці збожжавых і зернебабовых. Сёлета яна крыху не дацягнула да 60 ц/га. А ў сукупнасці і было атрымана 17460,4 тоны ўмоўнай колькасці зерня.
Як сцвярджаюць у адзін голас аператары зернесушыльнага комплекса, вельмі прыемна тое, што кіраўніцтва гаспадарак заўсёды гатова падтрымаць ударную працу заахвочваннямі і прэміямі. Таксама стымул на будучае, бо грошы ніколі лішнімі не бываюць.
Вадзім Раўнейка
Фота Кацярыны Масік