Воскресенье, 26 октября 2025

У Пружанах упершыню выбралі «Залатога Містара» сярод мужчын 60+ (+многа фота)

772

Упершыню ў нашым горадзе ў рамках мерапрыемстваў па рэалізацыі Нацыянальнай стратэгіі Рэспублікі Беларусь «Актыўнае даўгалецце — 2030» прайшоў міжрэгіянальны конкурс таленту і творчасці «Залаты Містар —2024» сярод мужчын старэйшага ўзросту.

Арганізатарамі конкурсу выступілі ТЦСАН сумесна з аддзелам культуры райвыканкама, раённай арганізацыяй ГА «Беларускі саюз жанчын» і раённай арганізацыяй РГА «Белая Русь».

У конкурсе прымалі ўдзел прадстаўнікі тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання Іванава, Бярозы, Пружан і Кобрына.

Конкурсная праграма складалася з трох этапаў, на кожным з якіх прадстаўнікі моцнай паловы дэманстравалі свае найлепшыя якасці і таленты. Перад кожным выхадам на сцэну адчувалася невялікае напружанне ўдзельнікаў. Але тым не менш хваляванне не перашкодзіла ім выкласціся, што называецца, па поўнай і адкрыць сябе з іншага боку.

Назва першага конкурсу «Я — бацька і гэтым ганаруся!» гаворыць сама за сябе.

Удзельнікі прадстаўлялі сябе як бацькоў, расказвалі пра сваю сям’ю, пра дзяцей, свае дасягненні, захапленні ў любой творчай форме. Гэта быў і фармат відэафільма, і прэзентацыі, і моўныя выступленні.

Самым рамантычным аказаўся конкурс «Вобраз», у якім удзельнікам за тры мінуты неабходна было прыдумаць сцэнічны вобраз і паказаць нумар з касцюмам. Гэта былі пчаляр, шахматны кароль, танцор дыска і вясковы хлопец. У прадстаўленні нумароў некаторым удзельнікам на падтанцоўцы дапамагалі слухачы клуба па інтарэсах ТЦСАН. Яны гарманічна дапаўнялі адзін аднаго і ўносілі іскрынку ў пастаноўку.

Заключны конкурс «Хвіліна славы», як кажуць самі ўдзельнікі, на здзіўленне аказаўся самым складаным. Мужчыны «залатога ўзросту» прадстаўлялі нумар, які раскрывае ўласныя таленты і дасягненні (вакал, харэаграфія, акцёрскае майстэрства, ігра на музычным інструменце, паэзія і г.д.). Нягледзячы на складанасць задання, і тут удзельнікі пакарылі сэрцы гледачоў сваімі здольнасцямі.

Перад складаным выбарам аказаліся і члены журы, паколькі вызначыць лепшага было не проста. За перамогу ў пяці намінацыях: «Містар Элегантнасць», «Містар Арыгінальнасць», «Містар Артыстычнасць», «Містар Чароўная ўсмешка» і галоўны прыз «Залаты Містар — 2024» змагаліся чатыры ўдзельнікі. Па выніках конкурснай праграмы пераможцам стаў жыхар г. Кобрына Мікалай Заяц. А наш зямляк Анатоль Галяшчыхін атрымаў тытул «Містар Элегантнасць».

Дарэчы, летась у Пружанах прайшоў падобны конкурс таленту і творчасці сярод мужчын 60+ раённага ўзроўню «Містар Пружаны —2023», пераможцам якога стаў Анатоль Галяшчыхін. Ён і будзе прадстаўляць наш горад сёлета на яшчэ адным міжрэгіянальным конкурсе.

Ірына Велясевіч

Фота аўтара

Фотаальбомы: https://vk.com/album-23306785_304590105 і https://ok.ru/budni/album/984377109896