Воскресенье, 19 января 2025

Абласны выязны семінар старшынь раённых Саветаў дэпутатаў і сельвыканкамаў правялі на базе Ружанскага сельсавета

292

Абласны выязны семінар старшынь раённых Саветаў дэпутатаў, сельскіх выканаўчых камітэтаў Івацэвіцкага, Баранавіцкага, Ганцавіцкага, Кобрынскага і Ляхавіцкага раёнаў прайшоў у г.п. Ружаны. На гэтае мерапрыемства былі запрошаны кіраўнікі заканадаўчаых органаў улады, якія былі ўпершыню абраны на гэты пост.

У рабоце семінара прынялі ўдзел акрамя пералічаных вышэй старшынь раённых Саветаў дэпутатаў і сельвыканкамаў старшыня Пружанскага райсавета дэпутатаў Мікалай Кудравец, загадчык сектара ўпраўлення кадравай палітыкі галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы Брэсцкага аблвыканкама Іна Качула, старшыні сельвыканкамаў Пружаншчыны.

Калі ўзнікае шмат пытанняў да спікераў семінара, то можна з упэўненасцю сцвярджаць, што мерапрыемства было карысным, удалым. А пытанняў у прысутных да выступоўцаў было нямала.

Адкрыў семінар старшыня Пружанскага раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец, які расказаў аб нашым раёне, яго поспехах, дасягненнях, развіцці прамысловасці, сельскай гаспадаркі, медыцыны, адукацыі. Цікавіла прыстуных дэмаграфічная сітуацыя ў раёне. Яна не вельмі радуе: смяротнасць перавышае нараджальнасць. Зараз ажыццяўляюцца планы па прыцягальнасці Пружаншчыны, а гэта — стварэнне новых працоўных месцаў, будаўніцтва жылля, значнае паляпшэнне сацыяльнай структуры і многае іншае. Усё гэта рэалізуецца для прыцягнення маладых спецыялістаў, замацавання іх на працоўых месцах пасля адпрацоўкі. Горад прыгажэе, развіваецца, становіцца сучасным.

Аб асноўных накірунках работы Ружанскага сельвыканкама расказала яго старшыня Аксана Юркоўская. І было пра што расказаць, ды і госці змаглі ўпэўніцца ўвачавідкі, што ў Ружанах робіцца шмат, каб жыць тут стала зручна і добра.

Аб сумеснай рабоце органаў мясцовага ўпраўлення і самакіравання з дзяржаўнымі арганізацыямі па падтрымцы належнага санітарнага парадку на падведамаснай тэрыторыі на канкрэтных прыкладах далажыў намеснік галоўнага ўрача ДУ «Брэсцкі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя» Уладзімір Кляцко.

Шмат было пытанняў да наступнага дакладчыка, а гэта быў намеснік старшыні Брэсцкага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Шылінчук. Ён паведаміў аб рабоце сельвыканкамаў па захаванні заканадаўства пры выдаленні аб’ектаў расліннага свету ў населеных пунктах. Амаль усіх прысутных цікавілі ўмовы, пры якіх можна выдаліць дрэва, на колькі метраў ад будынка яно павінна расці, каб пазбавіцца ад яго без запаўнення шматлікіх дакументаў і разам з тым не стаць парушальнікам. Тонкасцяў тут шмат, каб іх не парушыць, трэба дакладна вывучаць Закон.

Добрае ўзаемадзеянне наладжана галоўным упраўленнем па землеўпарадкаванні аблвыканкама з сельвыканкамамі. Гэта пацвердзілі і прысутныя ў зале. Начальнік упраўлення Віталь Карманаў у сваім дакладзе зрабіў акцэнт на прыктычных прымяненнях нормаў зямельнага заканадаўства на тэрыторыях сельвыканкамаў.

Аб прымаемых мерах па рашэнні праблемных пытанняў у сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі на тэрыторыях малых населеных пунктаў расказаў начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела упраўлення ЖКГ Яўгеній Вітрук.

Генеральны дырэктар РУП «Брэстэнерга» Мікалай Водзіч паведаміў пра рэалізацыю Праграмы па замене вонкавых свяцільнікаў на светладыёдныя ў сельскіх населеных пунктах Брэсцкай вобласці. Старшыні ўсіх сельвыканкамаў падзякавалі кіраўніцтву РУП «Брэстэнерга» за адладжанае супрацоўніцтва, разуменне праблем.

Завяршыў пленарныя семінарскія заняткі начальнік аддзела нагляду і прафілактыкі ўстановы «Брэсцкае абласное ўпраўленне Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь» Сяргей Саленік, які расказаў аб праводзімай рабоце падраздзяленнямі па надзвычайных сітуацыях і сельвыканкамамі па папярэджанні пажараў, фарміраванні ў насельніцтва культуры бяспечнай жыццядзейнасці.

Затым была даволі насычаная культурная праграма, падчас якой удзельнікі семінара азнаёміліся з аб’ектамі сацкультбыту гарпасёлка. Наведалі палацавы комплекс роду Сапегаў, пазнаёміліся з работай шматпрофільнага цэнтра па рабоце з дзецьмі і моладдзю, бібліятэкай, школай мастацтваў і іншымі аб’ектамі.

Ля брацкай магілы савецкіх воінаў адбыўся мітынг і ўскладанне кветак.

Завяршыўся насычаны дзень наведваннем санаторыя «Ружанскі».

Віктар Ільюшчанка

Фота аўтара