Понедельник, 23 мая 2022

Ці многа нарказлачынстваў у раёне, хто і якім чынам іх здзяйсняе? На гэтыя і іншыя пытанні адказаў начальнік РАСК Максім Басак

629

Праблема незаконнага абароту наркатычных і псіхатропных сродкаў мае глабальны характар. Праваахоўнымі органамі ўсіх краін, у тым ліку і Беларусі, прымаюцца ўсе магчымыя меры супрацьдзеяння іх распаўсюджванню. Аб тым, якая аператыўная абстаноўка па гэтым пытанні ў Пружанскім раёне, расказвае начальнік раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Максім Басак.

Максім Басак.

— Максім Васільевіч, якая тэндэнцыя колькасці злачынстваў названай катэгорыі ў нашым рэгіёне?
— На жаль, колькасць нарказлачынстваў павялічваецца, адпаведна вырасла і колькасць узбуджаных крымінальных спраў: з 5 у 2020-м да 12 у 2021 годзе (пяць з іх перададзены пракурору для накіравання ў суд).

— Сумна, што ў падобныя злачынствы нярэдка бываюць уцягнуты і непаўналетнія.
— Нам умоўна пашанцавала: летась у нашым раёне непаўналетніх абвінавачаных не было, у адрозненне ад агульнай абласной статыстыкі: на Брэстчыне ў 2021 годзе да адказнасці было прыцягнута двое непаўналетніх (у 2020 у тры разы больш — шэсць чалавек).

— А які ўзрост абвінавачаных па наркасправах у Пружанскім раёне?
— У разрэзе абласной статыстыкі большасць асоб, якія ўчыняюць злачынствы, звязаныя з незаконным наркаабаротам, — маладога ўзросту, ад 20 да 30 гадоў. У нашым жа раёне палова (6 выпадкаў) прыпала на ўзроставую катэгорыю ад 30 да 40 гадоў.

— Калі ласка, некалькі слоў пра гендарны і сацыяльны статус пружанскіх абвінавачаных.
— Пераважная большасць абвінавачаных — мужчыны. Прыцягнута да адказнасці толькі адна жанчына (усяго на Брэстчыне — 12). Пяцёра асоб нідзе не працавалі і не вучыліся, двое з’яўляюцца замежнымі грамадзянамі, двое ўжо маюць судзімасць.

— Наколькі вядома, у нашай вобласці, ды і па краіне ў цэлым, пачасціліся выпадкі смяротных зыходаў з прычыны атручвання наркатычнымі сродкамі і псіхатропнымі рэчывамі.
— На жаль, гэта так. Меў месца аналагічны выпадак і ў нашым раёне, але пазалетась, калі ў аг.Лінова ад ужывання так званага метадону памёр мясцовы жыхар.

— Здавалася б, адзін чалавек — адзін незваротны лёс, але за кожнай такой адзінкай стаіць трагедыя шматлікіх блізкіх і родных загінулага.
— Як бы груба ні гучала, але, варта прызнаць, любы наркаман — гэта амаль «сацыяльны труп», для якога адзіным сэнсам жыцця з’яўляецца набыццё і ўжыванне дурманных рэчываў, ды яшчэ з уцягваннем у бездань іншых людзей. У выніку — хранічнае атручванне арганізма і агульная дэградацыя асобы.

— Калі верыць медыцынскай статыстыцы, дэградацыя надыходзіць вельмі хутка. Гэта сапраўды так?
— На жаль, так. Для асоб, якія ўжываюць наркотыкі, характэрна высокая смяротнасць. Па статыстыцы, працягласць жыцця нарказалежнага чалавека ад пачатку рэгулярнага ўжывання ім забароненых рэчываў — 10-15 гадоў. Варта адзначыць і частыя выпадкі цяжкіх дэпрэсій сярод наркаманаў, якія заканчваюцца самагубствамі.

— Здавалася б, смерць — самы страшны аргумент, які толькі можна прывесці, каб людзі задумаліся. Але яны працягваюць ужываць і распаўсюджваць наркотыкі. Што лічыцца абцяжваючай акалічнасцю ў падобных справах?
— Учыненне злачынстваў групай асоб і ў складзе арганізацыйнай групы. Шэрагам артыкулаў Крымінальнага Кодэкса РБ прадугледжана пазбаўленне волі, у тым ліку да 25 гадоў. Пагадзіцеся, такія тэрміны — гэта таксама важкі аргумент на карысць таго, каб усё кінуць і пачаць жыць з чыстага ліста.

— З якога ўзросту надыходзіць адказнасць за распаўсюджванне наркотыкаў?
— За распаўсюджванне — з 14 гадоў, за набыццё і захоўванне без мэты збыту — з 16-ці.

— Якія канкрэтна дзеянні кваліфікуюцца як «распаўсюджанне»? Улічваючы юны ўзрост так званых «кур’ераў», дапускаю, яны могуць і не ведаць, што ляжыць у «пасылцы».
— Як паказвае следчая практыка, «кладмены» часцей за ўсё напрамую робяць заказы ў адпаведных інтэрнэт-магазінах, самастойна пад кіраўніцтвам куратараў з сеткі расфасоўваюць тавар, а потым раскладваюць па тайніках і робяць рассылку фатаграфій з іх геаграфічнымі каардынатамі. Яны ўсё ведаюць.

— У тым ліку і пра вялікія тэрміны пакарання? Чым жа іх так прыцягваюць у наркаабарот?
— Прывабнай рэкламай аб магчымасцях хуткага, лёгкага, а самае галоўнае — немалога заробку. Арганізатары падобных інтэрнэт-магазінаў абяцаюць каласальныя грошы, пераконваюць у легальнасці працы і ў адсутнасці якіх-небудзь рызык.

— Патэнцыяльныя «кур’еры» не бачаць тых, хто знаходзіцца па той бок экрана смартфона ці камп‘ютара! Чаму ж так слепа вераць у іх абяцанні? Настолькі наіўныя?
— Расцэньваюць гэта як нейкі чарговы квэст і ўмомант уступаюць у небяспечную гульню. Цяпер больш як 90 працэнтаў усіх нарказлачынстваў учыняецца ў віртуальнай прасторы! Гэта жахлівая статыстыка. Сённяшні наркабізнес безаблічны і бязлітасны. Асобы, якія трапілі ў яго сеткі, на жаль, становяцца расходным матэрыялам.

— Дык што ж рабіць? Мы ж, дарослыя, у адказе за маладое пакаленне.
— Ёсць толькі адзін спосаб пераадолець «наркачуму» — праводзіць шырокую інфармацыйную кампанію па прафілактыцы наркаманіі. Часцей нагадваць, што любыя, падкрэсліваю, любыя дзеянні з наркотыкамі і іх абаротам з’яўляюцца незаконнымі, а асобы, уцягнутыя ў наркаабарот, падлягаюць прыцягненню да крымінальнай адказнасці.

А галоўнае — трэба выхоўваць у дзяцей і маладых людзей гатоўнасць сказаць цвёрдае «НЕ» любому эксперыменту над сваім арганізмам.

Гутарыла Алена Зялевіч