Пятница, 14 февраля 2025

Гісторыя з фатаграфіяй. Вакзал у Аранчыцах, як прывітанне з юнацтва

682

На гэтым тыдні па адным з беларускіх тэлеканалаў паказвалі савецкі дзіцячы фільм 1984 года «Юрка — сын камандзіра». Дарэчы, знятая на «Беларусьфільме» вельмі добрая, светлая гісторыя пра сяброўства, мужчынскі характар, які фарміруецца з маленства. Нібыта і не глядзела на тэлеэкран, займалася іншымі справамі, але міжволі раптам, як падштурхнуў хто, зірнула… Мамачкі, ды гэта ж вакзал у Аранчыцах!

Сюжэт сабе развіваўся далей, а я ліхаманкава шукала патрэбныя кадры ўжо на смартфоне. Сапраўды, на сёмай мінуце афіцэр-пагранічнік, які едзе з сям‘ёй з Поўначы на заходнюю мяжу, ставіць дзяцей каля акна вагона, каб бабуля на іх паглядзела. Бабуля на пероне радасна махае рукамі, але ж цягнік на станцыі не спыняецца і літаральна некалькі секунд на экране мільгаюць мілыя сэрцу відарысы. Менавіта такім, аздобленым фасаднай светла-жоўтай пліткай, памятаю будынак вакзала ў гады, калі даводзілася ездзіць на вучобу — з вучобы — на вучобу. Дзве калоны, што аздабляюць уваход, лавачкі, ажурная агароджа аддзяляе перон ад дрэў і кустоўя…

Знайшла фота, зробленае прыкладна ў гэты ж час, яшчэ крышку панастальгіравала. Пасля «Дажынак-2003» вакзал у Аранчыцах, зразумела, стаў вельмі прыгожым, але той — памятны, дарагі сэрцу. Вось такое прывітанне з юнацтва атрымалася.

Вядучая рубрыкі Ірына Сядова