Рэцэпт ад навуковага супрацоўніка музея-сядзібы «Пружанскі палацык» Таццяны Антанюк

ІНГРЭДЫЕНТЫ:
для каржоў:
мука вышэйшага гатунку – 2 шклянкі,
цукар – 2 шклянкі,
кефір – 1 шклянка,
масла сметанковае – 200 г,
яйка курынае – 2 шт.,
какава парашок – 1 ст. лыжка з верхам,
разрыхляльнік цеста – 10 г,
харчовы фарбавальнік чырвонага колеру;
для крэма:
сыр сметанковы, мяккі – 500 г,
вяршкі – 1,5 шклянкі,
цукровая пудра – 100 г.
ПРЫГАТАВАННЕ
У асобную ёмістасць наліваем кефір, дадаём чырвоны фарбавальнік і старанна змешваем венчыкам. У іншы посуд прасейваем муку, дадаём разрыхляльнік, какаву і старанна змешваем венчыкам.
Бяром сметанковае масла, якое трэба загадзя дастаць з халадзільніка, каб яно размягчылася, дадаём цукар і ўзбіваем міксерам на самай высокай хуткасці некалькі мінут, каб маса стала пышнай і аднастайнай. Затым у масу па адным уводзім курыныя яйкі. Узбіваем яшчэ мінут пяць, каб маса пасвятлела і прыкметна павялічылася ў аб’ёме.
Пасля гэтага па чарзе ўводзім афарбаваны кефір і сухія складнікі будучага цеста, умешваем іх на мінімальнай хуткасці. Цеста гатова, размяркоўваем яго па ўсёй блясе. Выпякаем у духоўцы пры тэмпературы 180 градусаў 20-25 мінут. Даём каржу цалкам астыць.
За гэты час робім крэм. Наліваем у посуд вяршкі, дадаём цукровую пудру і ўзбіваем усё міксерам да ўстойлівых пікаў. Кладзём ва ўзбітыя вяршкі сметанковы сыр і асцярожнымі рухамі венчыка або лапаткі змешваем.
Корж разразаем на чатыры часткі, змазваем кожную крэмам і фарміруем торт. Упрыгожваем па гусце.
Смачна есці!