Воскресенье, 26 сентября 2021

Сіла, спрыт і поспех… У суботу прайшлі раённыя спаборніцтвы сярод жыхароў сельсаветаў

2 209

У мінулую суботу на базе Лядовага і Воднага палацаў прайшлі раённыя спаборніцтвы сярод жыхароў сельсаветаў. У мерапрыемстве прыняло ўдзел 12 каманд, якім трэба было паказаць свае спрыт і моц у шасці відах спорту — дартсе, стрытболе, стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, армрэстлінгу, плаванні і настольным тэнісе.

Падчас адкрыцця спаборніцтваў да ўдзельнікаў звярнуўся старшыня раённага Савета дэпутатаў М.П.Кудравец, які павітаў усіх, хто сабраўся тут, каб заваяваць узнагароды і прызы.

— Лічу, што для гэтага сёння ёсць усе неабходныя ўмовы,— зазначыў Мікалай Пятровіч.— Пачынаючы ад цудоўнай спартыўнай базы, якая створана ў нашым горадзе, і заканчваючы ўмовамі надвор’я.
Старшыня раённага дэпутацкага корпуса пажадаў удзельнікам спаборніцтваў знайсці новых сяброў, што актуальна ў бягучы год, Год народнага адзінства, і атрымаць добрыя ўражанні і ўспаміны. А старшы суддзя спаборніцтваў А.І.Бажко нагадаў пра неабходнасць трымацца правілаў бяспекі пры выкананні адпаведных практыкаванняў.

Пасля жараб’ёўкі прадстаўнікі каманд разышліся па вызначаных пляцоўках, на якіх адразу стала «горача». Нават вада басейна не астуджала азарт удзельнікаў, бо літаральна долі секунд раздзялялі іх дасягненні. Паступова па алімпійскай сістэме (з выдаленнем з кола самага слабога) вызначыліся лідары па кожным спартыўным відзе. Але і паміж імі да канца спаборніцтваў захоўвалася жорсткая канкурэнтная барацьба.

Па выніках набраных прызавых месцаў «золата» раённых спаборніцтваў з адпаведным кубкам атрымала каманда Мокраўскага сельсавета. Зусім нямнога саступілі ім вясковыя спартсмены з Ліноўскага (2-е месца) і Пружанскага (3-е месца) сельсаветаў.

Дарэчы, ліноўцы выступілі лепш за ўсіх падчас стрытбола (баскетбол у адно кальцо), але гэтай перамогі ім не хапіла, каб стаць бясспрэчнымі лідарамі мерапрыемства. А вось каманда стрытбалістаў Мокраўскага сельсавета заваявала толькі «бронзу» ў гэтым відзе спорту, саступіўшы сапернікам з Зеляневіцкага сельсавета.

Акрамя таго, тым камандам, што ў выніку сталі пераможцамі раённых спаборніцтваў, увогуле не пашанцавала ў настольным тэнісе, дзе першае, другое і трэцяе месцы падзялілі паміж сабой спартсмены з Новых Засімавіч, Харавы і Шарашэва.

Па іншых відах падводзіліся асабістыя вынікі. У плаванні і дартсе дзяленне пераможцаў вялося на гендарнай аснове: першае месца ў плаванні сярод мужчын заняў Ягор Барташ (Шчарчоўскі с/с), а лідарам сярод жанчын стала Кацярына Крахмаль (Хараўскі с/с).

Самым трапным у дартсе прадстаўніком дужай паловы вызначаны Алег Мігалевіч (Мокраўскі с/с), а самым лепшым снайперам сярод прыгажунь прызнана Юлія Перапяляк (Пружанскі с/с). Стралкоў, якія здолелі выбіць з мішэняў падчас стрэльбаў з пнеўматычнай вінтоўкі найбольшую колькасць ачкоў, граматамі ўзнагародзіў старшыня ДТСААФ В.М.Гарахавіцкі: ён уручыў заслужаную ўзнагароду Аляксандру Дэйку (Шчарчоўскі с/с), Станіславу Сайко (Мокраўскі с/с) і Арцёму Чарнуху (Ліноўскі с/с).

У армрэстлінгу сярод сапернікаў у вазе звыш 90 кілаграмаў сваю моц паказаў Аляксандр Мацаюк (Пружанскі с/с), у вазе да 90 кг — Давід Бакуменка (Ружанскі с/с).

Усім пераможцам каштоўныя падарункі падрыхтаваў раённы камітэт Беларускага прафсаюза работнікаў АПК, якія ўручыў старшыня гэтай грамадскай арганізацыі Д.У.Чайкоўскі.

Алег СІДАРЭНКА, Кацярына МАСІК (фота)

Больш фотаздымкаў — на нашых старонках у сацыяльных сетках Укантакце і Аднакласнікі.