Понедельник, 2 декабря 2024

Пружанцы далучыліся да рэспубліканскай акцыі «Равеснікі Чырвонага Крыжа»

1 100

Сёлета будзе адзначацца стагоддзе Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа, дзейнасць якога заўсёды была накіравана на падтрымку розных слаёў насельніцтва. Асаблівую ўвагу валанцёры арганізацыі надаюць пажылым людзям. Доказам таму — рэспубліканская акцыя «Равеснік Чырвонага Крыжа», падчас якой віншуюць 100-гадовых юбіляраў. Да акцыі далучыліся і пружанцы. На днях падарункі ад раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа прымала жыхарка в.Дабучын Надзея Ануфрыеўна Валасовіч.

Доўгае жыццё не песціла юбілярку радаснымі падзеямі. Жанчына нарадзілася ў Расіі, куды ў 1915 г. была эвакуіравана яе сям’я. Вярнуліся дадому толькі ў 1921 г., калі тут, у Заходняй Беларусі, усталявалася новая, польская, улада.

Даўно ў мінулым чатыры класы польскай школы, праца на мясцовага пана.
— Шчыравала ў полі з раніцы да вечара, гаспадар не даваў ні спакою, ні адпачынку. Варта было толькі разагнуцца работнікам, як наглядчык крычаў: «Вы што, лом з’елі?» — успамінае жанчына.

Жыць у пастаянным прыгнёце было невыносна, таму ў верасні 1939 г. Надзея Ануфрыеўна разам з іншай сельскай моладдзю з кветкамі сустракала Чырвоную армію. Праз год выйшла замуж, але нарадавацца каханню не паспела: пачалася вайна… У 1944-м муж быў мабілізаваны, і Надзея Валасовіч засталася адна з маленькім сынам Міхаілам…

З фронту яе муж вярнуўся жывым, але вельмі хворым… Пазней з апошніх сіл працаваў кавалём у калгасе, а Надзея Ануфрыеўна — даяркай. Умовы жыцця і работы ў калгасе ў тыя часы былі нялёгкімі, таму медаль «Ветэран працы», уручаны жанчыне праз шмат гадоў, не дапамог сцерці цяжкія ўспаміны.

Шмат хваляванняў у жыцці ёй прынеслі дзеці. У прыватнасці, сын Міхаіл падчас Карыбскага крызісу служыў сувязістам на Кубе і нават быў узнагароджаны граматай ад самога Фідэля Кастры. Маці, як даведалася, куды сына накіравалі, адразу пасівела.

Праз дваццаць гадоў на сэрцы жанчыны з’явілася незагойная рана: у Афганістане загінуў яе любімы ўнук Алег, узнагароджаны пасмяротна ордэнам Чырвонай Зоркі. Перажыла жанчына і малодшага сына Яўгена…

Сёння яе дні прыхарошвае дачка Ніна, якая вось ужо 15 гадоў жыве побач з маці ў Дабучыне. Дзесьці далёка ў Расіі яе чакаюць дачка і ўнучка, але нават дзеля іх яна не можа пакінуць самага роднага чалавека, які прысвяціў ёй усё сваё доўгае жыццё.

Алена Зялевіч, Кацярына Масік (фота)