Суббота, 18 апреля 2026

Як установы адукацыі рыхтуюцца да новага навучальнага года. ДУА «Сярэдняя школа № 3 г. Пружаны»

284

Маштабныя рамонтныя работы закранулі і сярэднюю школу № 3 горада Пружаны. Асноўная ўвага была нададзена замене аконных блокаў і дзвярэй у спартыўнай зале, устаноўцы ахоўных сетак.

Акрамя таго, праведзены касметычны рамонт у бібліятэцы і кабінеце геаграфіі, часткова заменена агароджа тэрыторыі школы, выканана афарбоўка сцен у майстэрні і падлогавага пакрыцця ў розных памяшканнях.

Замена аконных блокаў і дзвярэй у спартзале пачалася яшчэ ў канцы вясны. За амаль 60 гадоў эксплуатацыі яны страцілі свае якасці і мелі патрэбу ў тэрміновай мадэрнізацыі. Гэтыя работы былі прафінансаваны з раённага бюджэту, а іх выкананнем займалася арганізацыя з Баранавіцкага раёна. Астатнія абнаўленні сталі магчымыя дзякуючы добраахвотным ахвяраванням, а таксама пазабюджэтнай дзейнасці ўстановы. Іх рэалізацыя прыйшлася на другую палову ліпеня — пачатак жніўня.

Ужо першага верасня навучэнцы трэцяй гарадской школы пераступяць парог абноўленага і яшчэ больш утульнага будынка, дзе ў камфортным становішчы змогуць працягваць развівацца і атрымліваць новыя веды.

— Чаканні ад рамонтных работ звязаны з паляпшэннем умоў для навучання і знаходжання вучняў, педагагічнага калектыву і персаналу ў цэлым, што ўключае ў сябе павышэнне бяспекі, камфорту і эстэтычнай прывабнасці навучальнай установы. Хачу выказаць падзяку кіраўніцтву раёна, аддзелу па адукацыі, КУВП «Камунальнік», ААТ «Пружанскі малочны камбінат», Цэнтру банкаўскіх паслуг № 122
ААТ ААБ «Беларусбанк» за ўклад у стварэнне яшчэ больш спрыяльнага асяроддзя для нашых вучняў. Асаблівыя словы ўдзячнасці бацькам, якія аказалі дапамогу ў падрыхтоўцы школы да новага навучальнага года, а таксама настаўнікам і тэхнічнаму персаналу, — адзначыў дырэктар Дзмітрый Арабчык.

Руслан БАСАК
Фота аўтара