Суббота, 18 апреля 2026

Як установы адукацыі рыхтуюцца да новага навучальнага года. ДУСА «Пружанскі раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі»

333

Лета імкліва адыходзіць, а гэта значыць, што ўжо зусім хутка ў навучальных установах зноў пачнецца актыўнае жыццё. У дадзены момант у школах, дзіцячых садах, карэкцыйна-развіваючым цэнтры нашага раёна завяршаюцца падрыхтоўчыя работы, якія дазволяць навучэнцам адчуваць сябе камфортна і засяродзіцца на вучобе і сваім развіцці. Аляксандр Лукашэнка не аднойчы падкрэсліваў важнасць не толькі самога адукацыйнага працэсу, але і ўмоў, у якіх ён праходзіць. Менавіта таму ў летні перыяд у многіх навучальных установах актыўна вядуцца рамонтныя работы. Мы вырашылі наведаць некаторыя з іх, каб на свае вочы ўбачыць, як ідзе падрыхтоўка да новага навучальнага года.

ДУСА «Пружанскі раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі»

Сёлета ў карэкцыйна-развіваючым цэнтры праводзяцца маштабныя работы, сярод якіх уладкаванне ўваходу ва ўстанову з устаноўкай электрапад’ёмніка і касметычны рамонт групавых памяшканняў для знаходжання дзяцей са шматлікімі і цяжкімі парушэннямі псіхафізічнага развіцця.

Устаноўка электрапад’ёмніка дазволіць спрасціць паўсядзённае жыццё дзяцей на калясках. Цяпер ім не давядзецца штодня пераадольваць прыступкі, каб трапіць у клас або выйсці на прагулку. Што ж тычыцца бягучага рамонту групавых памяшканняў, то дзякуючы яму прасторы цэнтра сталі не толькі больш светлымі і эстэтычнымі, але і поўнасцю адаптаваны пад патрэбнасці навучэнцаў: выдалены парогі, абноўлены санітарныя вузлы, забяспечана зручнасць і бяспека на кожным этапе знаходжання асаблівага дзіцяці ва ўстанове.

Работы пачаліся яшчэ ў чэрвені месяцы. А на момант нашага наведвання ўстановы рамонт знаходзіўся на заключнай стадыі і быў блізкі да свайго завяршэння (на 16 жніўня ўсе работы скончаны). Ажыццяўленнем задуманага займаліся ТАА «БьюціПраймПлюс» і ТАА «ТэхБудГандальПлюс». Калі казаць пра фінансаванне гэтых работ, то частка з іх была зроблена за кошт бюджэтных сродкаў, а другая — дзякуючы спонсарскай дапамозе.

— Уладкаванне ўваходнай групы з электрапад’ёмнікам значна аблегчыць перамяшчэнне нашых дзяцей на калясках. Ім штодня даводзілася пераадольваць складаныя перашкоды, каб трапіць у клас. Цяпер жа, дзякуючы з’яўленню такой прылады, гэты працэс стане прасцей і бяспечней. Што ж тычыцца адрамантаваных памяшканняў, то яны сталі не толькі сучаснымі, але і шматфункцыянальнымі. Я ўпэўнена, што дзецям і педагогам будзе камфортна ў абноўленым цэнтры. Хочацца ад імя нашых педагогаў, бацькоў і дзяцей выказаць словы вялікай удзячнасці кіраўніцтву раёна і асабіста Міхаілу Міхайлавічу Грышкевічу, аддзелу па адукацыі, нашым спонсарам РУП «Брэстаўтадар» у асобе генеральнага дырэктара Уладзіміра Іванавіча Пунько і ТАА «Аграпрадукт» у асобе дырэктара Алега Яўгенавіча Цяслюка за аказаную падтрымку і дапамогу ў стварэнні адаптыўнага адукацыйнага асяроддзя для навучэнцаў і выхаванцаў нашага цэнтра, — адзначыла дырэктар установы Наталля Красевіч.

Падрыхтаваў Руслан БАСАК
Фота аўтара