
Маладосць — пара летуценняў, калі хочацца ўсяго і многа. Перад табой адкрыты ўсе дзверы, і маладыя людзі карыстаюцца магчымасцю раскрыць свае таленты, праявіць здольнасці. А знайшоў сябе ў жыцці і на працы — лічы шчаслівым чалавекам, як, напрыклад, вадзіцель з ААТ «Агра-Калядзічы» Давід Кавалевіч.
Усё ў маладога чалавека складваецца найлепшым чынам. Заўсёды з усмешкай і радасцю ў доме прысядзібнага тыпу ў аг. Калядзічы, які выдзеліла гаспадарка, сустракае жонка Юлія, якая не толькі на словах, але і на справе гатова раздзяляць з мужам і смутак, і радасць. За велізарнае шчасце лічыць Давід з’яўленне на свет дачушкі Васілісы і сыночка Цімафея. Што можа ўсцешыць душу, надаць яшчэ большы сэнс жыццю? Канечне, любімыя дзеткі, як працяг роду і значнасць твайго быцця.
І праца прыносіць задавальненне як у плане свайго прызвання, так і ў грашовым эквіваленце, бо зарабіць у сельгастварыстве можна ад двух да чатырох тысяч беларускіх рублёў, гледзячы, на якой працы задзейнічаны. Згадзіцеся, вельмі годны заробак, толькі не адлежвайся ў карчах. А Давід і стараецца, бо і самому марку патрэбна трымаць, і помніць, што ты — галава сям’і. Вось, напрыклад, сёлета маладога вадзіцеля ўшаноўвалі ў гаспадарцы з нагоды чарговай перавезенай тысячы тон зерня. І так вось ужо на працягу васьмі гадоў, круціць абаранку Давід, любуецца праз акно аўтамабіля «МАЗ 6501» бяскрайнімі краявідамі роднай зямлі.
Ці была магчымасць інакш пабудаваць сваё працоўнае жыццё, аддаць перавагу іншаму занятку, чым работа ў сельскай гаспадарцы? Выбар ёсць заўсёды. Але калі перад вачыма прыклад бацькоў, якія пасля пераезду з Драгічынскага раёна з малым Давідам ужо на працягу амаль трыццаці гадоў працуюць у ААТ «Агра-Калядзічы» — бацька Алег Сцяпанавіч трактарыстам-машыністам, а маці Ніна Дзмітрыеўна паляводам, тады і сам прыкіпаеш душой да вёскі, яе клопатаў. Дарэчы, жонка таксама знайшла месца ў сельгаставарыстве, у кафэ «Рассвет». Таму ў тагачасным абласным аграрна-вытворчым прафесійным ліцэі г. Драгічына атрымаў спецыяльнасць «Вадзіцель-электрык», а, скончыўшы завочна наш каледж, стаў кваліфікаваным механікам. І ўсё-роўна не змяніў сваёй вернасці абранай справе. Для Давіда галоўнае — пастаянны рух наперад, кожны дзень новыя кіламетры, калі ўсход сонца сустракаеш у дарозе.
Што да вольнага часу, то яго ў вадзіцеля не так і многа. А яшчэ і хатняя гаспадарка патрабуе сваёй увагі. Але ўсё-такі ўдаецца час ад часу вырвацца на любімую рыбалку, каб пасядзець у цішыні, паразважаць над убачаным і пачутым. І ў вы-ніку прыйсці да высновы: шчаслівым чалавеку ніхто не забараняе быць, трэба гэтага толькі моцна захацець.
Вадзім Раўнейка
На здымку: з выгляду просты хлопец Давід Кавалевіч. А на такіх працаўніках і трымаецца ўся сельская гаспадарка нашай краіны.
Фота Алега Сідарэнкі
