

У свеце, дзе праца і асабістае жыццё часта ідуць рознымі шляхамі, гісторыя сям’і Аляксея і Вольгі Шылавых — як свежы павеў ветрыку, напоўнены цяплом і гармоніяй. У райгазе яны калегі і паплечнікі, а дома, разам з дзецьмі, сапраўдная каманда аднадумцаў і верных сяброў. Разам яны будуюць не толькі кар’еру ў газавай галіне, але і моцны сямейны саюз, дзе прафесійныя дасягненні пераплятаюцца з асабістым шчасцем.

Радаслоўная сям’і Шылавых па лініі бацькі Аляксея сыходзіць сваімі каранямі ў цэнтральную частку Рускай раўніны — Рэспубліку Мардовія. Дзяцінства маленькага Лёшы прайшло ў пасёлку Чыта, дзе ён жыў разам з бацькамі. Тата служыў у ракетных войсках, а маці працавала ў гандлі. Калі яму споўнілася тры гады, бацьку перавялі ў ракетную часць, якая дыслацыравалася пад Пружанамі, і сям’я на нейкі час асела ў Ружанах. Лёс ваеннага пастаянна кідаў іх па розных гарнізонах то ў Расіі, то ў Беларусі. Пераязджаць з месца на месца было справай звыклай, тым больш адзіная тэрытарыяльная прастора Савецкага Саюза не ведала межаў. Але Пружанскі край стаў для Шылавых другой радзімай, куды яны трапілі назаўжды. У Ружанах Аляксей скончыў школу, пасля Пружанскі аграрна-тэхнічны каледж, потым Горацкую сельгасакадэмію, тут жа сустрэў сваю другую палавінку і стварыў сям’ю.
— Пачынаў сваю працоўную дзейнасць загадчыкам рамонтных майстэрняў у цяперашнім ААТ «Ружаны-Агра». Тады на адпрацоўку дыплома пасля Столінскага аграрна-эканамічнага каледжа прыйшла маладая бухгалтар, мая будучая жонка Вольга. Там мы і пазнаёміліся, а праз два гады вырашылі ажаніцца. І вось ужо 20-ты год разам ідзём па жыцці. Оля мне падарыла дваіх цудоўных дзяцей — сына Мікіту і дачку Дашу. Яны добра ведаюць свае пружанскія і мардоўскія карані. Мы ўсе разам ездзім наведаць магілы маіх бабуль і дзядуляў, на Сёмуху — гэта абавязкова, і адлегласць тут не перашкода, — падзяліўся Аляксей. — Мяне так выхавалі бацькі і я перадаю гэта сваім дзецям. Калі сувязь пакаленняў не перарываецца, і дзеці ведаюць свае карані, свята шануюць і захоўваюць памяць аб продках, тады і жыццё складваецца ўдала.
Усе пытанні ў сям’і Шылавых вырашаюцца разам, і рашэнне змяніць вектар дзейнасці таксама было агульным. Папрацаваўшы некалькі гадоў інжынерам на радыёзаводзе, Аляксей цалкам вырашыў змяніць прафесію, і Вольга поўнасцю яго падтрымала. У 2009 годзе ён прыйшоў у райгаз простым слесарам у службу эксплуатацыі і пачаў асвойваць новую справу з самых азоў. Дзякуючы вопытным настаўнікам у асобе Уладзіміра Краўца і Аляксандра Ціханюка пачынаючы слесар асвоіўся хутка і стаў упэўнена расці па кар’ернай лесвіцы. У 2015 годзе пераведзены майстрам у службу транспарту і ўліку расходу газу, пазней майстрам на аварыйна-дыспетчарскі ўчастак. А потым, ужо маючы пэўныя прэферэнцыі, зноў вярнуўся на сваё першае месца — у службу эксплуатацыі, але ўжо майстрам. У гэтым годзе Аляксей Аляксандравіч прызначаны на пасаду галоўнага інжынера прадпрыемства. Вольга ўвесь гэты час працавала эканамістам у розных структурах, але ёй заўсёды хацелася быць бліжэй да мужа, каб яго размовы аб працы сталі часткай іх сямейнага жыцця. Так і атрымалася.
— Калі 6 гадоў таму ў райгазе з’явілася вакансія аператара, муж мне прапанаваў паспрабаваць. Я не на секунду не сумнявалася і адразу вырашыла прыняць прапанову.Тады ў мужа быў ужо вялікі вопыт працы ў газавай галіне, таму асновам новай прафесіі навучыў мяне менавіта ён. Можа быць, таму я дастаткова хутка асвоілася, хаця спачатку было няпроста. Цяпер працую на прыёме заявак на «аварыйцы». Зменны графік дазваляе больш часу надаваць сям’і, дзецям, хатнім клопатам, што для жанчыны немалаважна. Цяпер мне значна прасцей «па ўсіх франтах», паколькі і на працы, і дома мы вырашаем адны і тыя ж пытанні, абмяркоўваем агульныя тэмы, якія мне даўно сталі зразумелыя, — расказвае жанчына.
Вольга і Аляксей не толькі дзеляць хатні ачаг, але і разам пакараюць прафесійныя вяршыні ў газавай галіне. Іх жыццё — гэта сапраўднае партнёрства, дзе ўзаемная падтрымка, агульныя мэты і глыбокая павага ператвараюць кожны працоўны дзень у працяг сямейнай гісторыі. Гарманічны баланс паміж працай і домам робіць іх саюз яшчэ мацнейшым і надзейным. Менавіта ў такім напрамку і выхоўваюць сваіх дзяцей — у апецы, каханні, прыстойнасці і ўзаемапавазе адзін да аднаго.
Важнае свята ў сям’і Шылавых — 9 мая! Гэта самы доўгачаканы дзень, калі аб’ядноўваюцца ўсе кланы і прыязджаюць сваякі нават з Расіі. У іх доме збіраюцца некалькі пакаленняў, гучаць франтавыя песні, гартаюцца пажоўклыя старонкі сямейнага альбома, пераказваюцца гісторыі пра герояў-дзядуль. У гэты асаблівы дзень востра адчуваецца сувязь пакаленняў, якую яны беражліва захоўваюць у сваіх успамінах і фотадакументах.
Вось такія простыя, зразумелыя ісціны і з’яўляюцца стрыжнем сапраўднай сям’і, дзе кожны ведае, што побач ёсць той, хто ў любы момант падставіць плячо. І не таму, што павінен, а таму, што інакш не можа.
Ірына Велясевіч
Фота аўтара і з архіва сям‘і Шылавых
