Наш раён з’яўляецца дастаткова прыгожым. Штогод на Пружаншчыне праводзяцца суботнікі і іншыя мерапрыемствы па навядзенні парадку, якія накіраваны на тое, каб навакольныя месцы выглядалі дагледжана. Ва ўсіх населеных пунктах створаны ўмовы для таго, каб людзі маглі пазбаўляцца ад смецця ва ўстаноўленых месцах. Але знаходзяцца і такія грамадзяне, хто ўсяляк грэбуе самымі простымі грамадскімі нормамі. Такія людзі выкідваюць свае адходы ў несанкцыянаваных месцах, утвараючы тым самым звалкі, якія негатыўна адбіваюцца на нашай экасістэме.
За мінулы год раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя было праведзена 153 абследаванні, па выніках якіх выяўлена 612 парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства. Найбольш часта невыкананне правілаў знаходзяць у частцы несанкцыянаванага размяшчэння адходаў на тэрыторыях населеных пунктаў і сельскагаспадарчых аб’ектаў.
Падобных кропак забруджвання ў раёне далёка не адна і не дзве. І ўзнікае пытанне: што рухае чалавекам, калі пры наяўнасці найбліжэйшага кантэйнера ён едзе за некалькі кіламетраў, каб выкінуць смецце ў лесе, на землях агульнага карыстання? Асабіста для мяне гэта не зразумела. Вось прыклад: размяшчэнне бытавых адходаў на землях агульнага карыстання ў в. Алішавічы (фота 1).

Смецце было знойдзена проста ля дарогі, нягледзячы на тое, што ў населеным пункце ёсць магчымасць выкінуць адходы ва ўстаноўленых месцах. Нехта вырашыў, што пазбавіцца ад іх прасцей на абочыне, і тым самым паказаў, што для яго неўласцівы павага і элементарная культура. А падобнае назіраецца і ў ахоўным лесе, у Сухопальскім лясніцтве Нацыянальнага парка «Белавежская пушча» (фота 2). Выкідваць смецце ў запаведніку — гэта не проста нядбайнасць, а гэта ганьба. Такіх «герояў» становіцца менш, але яны ўсё яшчэ сярод нас, і кожны іх учынак — гэта наглядная праява безадмоўнасці.

Асобная катэгорыя «забруджвальнікаў» — аматары выкідваць будаўнічае смецце. Недалёка ад вёскі Ліхачы адзін з грамадзян зладзіў звалку: там тырчыць шыфер, паламаныя дошкі, старая мэбля (фота 3). Што пра такога чалавека скажаш? Поўная абыякавасць да прыроды і навакольных.

Падобная карціна назіраецца і на землях РУП «Брэсцкая абласная сельскагаспадарчая доследная станцыя НАН Беларусі» (фота 4). Няхай і ў меншых аб’ёмах, але вынік усё роўна сумны. І гэты ланцужок безадказнасці, на жаль, не заканчваецца. Падобныя выпадкі не адзінкавыя, а сістэматычныя, і самае трывожнае ў іх не аб’ём смецця, а ўнутранае стаўленне: быццам клопат аб асяроддзі — гэта абавязкі іншых людзей. Такія ўчасткі хоць і выглядаюць як часовыя, але, застаючыся без увагі месяцамі, паступова ператвараюцца ў пастаянныя раны на «целе» прыроды. Асабліва выклікаюць здзіўленне тыя, хто пазбаўляецца ад смецця проста побач з жылымі дамамі. На вуліцы Садовай у вёсцы Семянча звалка з будаўнічых адходаў размешчана практычна пад вокнамі, тым самым псуючы аблічча вясковага жыцця (фота 5). Пагадзіцеся, жыць побач з такой «кампазіцыяй» непрыемна. Яшчэ адзін прыклад — звалка ў раёне в. Перадзельск (фота 6). Тут адходы размешчаны на прыродзе, нібы гэта і ёсць іх «натуральнае» месца. Такія ўчынкі нельга апраўдаць ні недахопам рэсурсаў, ні адсутнасцю інфармацыі. Гэта дэманстрацыя таго, што некаторым усё роўна. І гэта наводзіць на выснову: сярод нас жывуць свінні ў чалавечым абліччы!



Калі вы думаеце, што на фатаграфіях усе знойдзеныя звалкі на тэрыторыі нашага раёна, то глыбока памыляецеся. І грамадзян, якія «рохкаюць», таксама дастаткова. І гэта ўсё сведчыць аб тым, што сярод нас ёсць дарослыя людзі, якім яшчэ толькі трэба будзе навучыцца жыць у грамадстве і з павагай ставіцца да навакольнага асяроддзя. Ці іх трэба прывучыць, дрэсіраваць.
Праблема крыецца не ў недахопе кантэйнераў для выкіду адходаў, а ў дэфіцыце культуры і адказнасці грамадзян. Кожная несанкцыянаваная звалка – гэта не проста смецце, а знявага да сваіх суседзяў, дзяцей і будучыні нашай краіны.
Але варта адзначыць, што перамены ў лепшы бок магчымы, і яны ёсць. Дзякуючы працы інспекцыі, інфармаванасці і грамадзянскаму ўдзелу колькасць парушэнняў у гэтым напрамку паступова зніжаецца. Проста кожнаму неабходна паважаць месца, дзе ён жыве, і выкідваць адходы туды, дзе ім належыць быць. Заставайцеся людзьмі не толькі па назве, але і на справе!
Руслан Басак
Фота прадастаўлена Пружанскай раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя
