Суббота, 18 апреля 2026

«Белтэлекам» зрабіў падарунак жыхарам вуліцы 8 Сакавіка ў Пружанах: цяпер тут ёсць дзіцячая спартыўная пляцоўка (+фота)

437

Зацікавіць хлопчыкаў і дзяўчынак заняткамі спортам даволі проста: прывесці іх на дзіцячую спартыўную пляцоўку. У юбілейны для Пружан год такіх аб’ектаў у раёне з’явілася адразу некалькі. І вось чарговая прыемная навіна і падарунак для дзетак, якія жывуць на вуліцы 8 Сакавіка і ў гэтым раёне горада: у мінулы чацвер тут была адкрыта пляцоўка для заняткаў спортам і актыўнага баўлення часу.

Пляцоўка, абсталяваная сучаснымі трэнажорамі, побач з якой — зона для гульні ў баскетбол, размяшчаецца на вуліцы 8 Сакавіка, адразу за магазінам «Еўраопт». Тут вам горка і перакладзіны, турнікі, кольцы — словам, аб’ект здольны зацікавіць любога, хто імкнецца да здаровага ладу жыцця.

З’явілася пляцоўка дзякуючы РУП «Белтэлекам».

Пра тое, што ў нашым раёне надаецца асаблівая ўвага развіццю спорту, у прыватнасці, дзіцячага, сказаў падчас адкрыцця пляцоўкі старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец. Ён выказаў упэўненасць, што многія са школьнікаў, якія прысутнічалі на мерапрыемстве, не раз бывалі ў Лядовым і Водным палацах, наведвалі стадыён.

— Цудоўна, што ў нашай краіне ў Год міру і стварэння будуюцца і адкрываюцца новыя сацыяльныя аб’екты, з’яўляюцца ў тым ліку такія пляцоўкі. Усё гэта гаворыць пра тое, што дзяржава клапоціцца пра наша насельніцтва, пра нашых дзетак, каб яны выраслі здаровымі, дужымі і былі годнымі грамадзянамі Беларусі. Таму баўце час з карысцю, прыходзьце на нашы спартыўныя аб’екты, наведвайце секцыі, беражыце ўсё тое, што зроблена дарослымі для вас, — сказаў Мікалай Пятровіч, звяртаючыся да дзяцей.

У сваю чаргу, начальнік Пружанскага цэха электрасувязі Брэсцкага філіяла РУП «Белтэлекам» Аляксандр Валынскі адзначыў, што пляцоўка — той падарунак, які кампанія зрабіла дзецям і моладзі з нагоды 590-годдзя Пружан. Устаноўлена яна ў рамках праекта «Свята нашага двара разам з «ЯСНА». Дзякуючы добраму пачынанню за шэсць гадоў у розных гарадах краіны з’явілася больш за 100 дзіцячых спартыўных пляцовак ад «Белтэлекам».

— Месца для чарговай пляцоўкі ў Пружанах выбіралі зыходзячы з таго, што мікрараён вуліцы 8 Сакавіка актыўна развіваецца. Тут з’яўляюцца як прыватныя, так і шматкватэрныя дамы, таму дзеткам было проста неабходна месца для актыўнага баўлення часу.

Пляцоўка разлічана на розныя катэгорыі дзяцей і моладзі і, што важна, устаноўлена непадалёк ад жылых кварталаў, — адзначыў Аляксандр Валынскі.

Пасля афіцыйнай часткі для малых правялі міні-спаборніцтвы па падцягванні на перакладзіне, адцісканні на брусах і вісе на кольцах.

Іх удзельнікі атрымалі ад РУП «Белтэлекам» фірменныя сцяжкі і паветраныя шары, ад РФСК «Мухавец» — салодкія падарункі.

Ну, а новая пляцоўка, будзем верыць, падорыць усім яе наведвальнікам сваю долю здароўя і добрага настрою, і дзякуючы ёй не адзін хлопчык і дзяўчынка зацікавіцца спортам.

Уладзіслаў Шпарла. Фота аўтара

Больш фота глядзіце тут: https://vk.com/album-23306785_298796058 і https://ok.ru/budni/album/970113340040