«У вас цёпла? У нас – не…» Менавіта такія фразы яшчэ нядаўна можна было пачуць ад жыльцоў аднаго з пад’ездаў дома № 2, што па вуліцы Юбілейнай у Пружанах.
Ацяпляльны сезон у сувязі з раптоўным пагаршэннем надвор‘я сёлета пачаўся даволі рана. За некалькі першых дзён кастрычніка ў жылых дамах, адміністрацыйных будынках стала не вельмі камфортна, таму і паспяшаліся ўключыць цэнтральнае ацяпленне. Але, як аказалася, не ўсе адчулі падачу цяпла, недзе яшчэ даводзілася ўхіляць непаладкі.
Чаму мы засяродзілі ўвагу менавіта на гэтым доме па вул. Юбілейнай? Справа ў тым, што цяпло не падавалася толькі па стаяку аднаго з пад’ездаў. У астатніх жыльцоў прэтензій да ацяпляльнай сістэмы не было. Не скажу, што камунальшчыкі не рэагавалі на праблему. Яны прыязджалі, нешта рабілі, радыятары цяплелі, але, што дзіўна, да той пары, пакуль спецыялісты былі на месцы. Як толькі ад’язджалі, паступова з імі «ад’язджала» і цяпло. Чым не цуд?

Справа канчаткова вырашылася на карысць жыльцоў толькі пасля таго, як аб гэтай праблеме даведаўся старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч. На чарговай апаратнай нарадзе ён даў апошняе папярэджанне: калі такое паўторыцца, да адказных за падачу цяпла будуць прыняты самыя жорсткія меры ўздзеяння. І тут напрошваецца слушнае пытанне: няўжо для вырашэння падобнага пытання трэба чакаць умяшальніцтва кіраўніка раёна? Наўрад ці. Ёсць адпаведныя спецыялісты, ёсць асобы, адказныя за падачу цяпла спажыўцам. Але пакуль кожны з іх не стане менавіта АДКАЗНЫМ за свой участак працы, і далей будуць узнікаць аўралы, аварыі і розныя іншыя непрыемнасці. Прынамсі, гэта тычыцца не толькі работнікаў камунальных службаў, але і ўсіх нас.
Як стала вядома рэдакцыі, на дадзены момант цяпло ўжо не знікае, людзі адчуваюць сябе камфортна, нават падзяку выказалі супрацоўнікам КУВП «Камунальнік». Гэта прыемна. Але было б намнога прыемней, каб падобныя праблемы вырашаліся адразу, як толькі яны з’яўляюцца. Як казаў герой камедыі Леаніда Гайдая: «І ўсё так паважна, высакародна…»
Віктар Ільюшчанка
Фота з адкрытых крыніц, носіць ілюстрацыйны характар
