
Каля помніка «Спаленым вёскам» прайшоў мітынг, які стаў часткай маштабнага мотапрабегу «Баявы шлях Сібіры», прысвечанага 80-годдзю Вялікай Перамогі. Ён арганізаваны новасібірскім аддзяленнем Усерасійскага клуба «Начныя ваўкі».
Сяргей Забашта, прэзідэнт гэтага аддзялення клуба, падкрэсліў: «Наш прабег стартаваў у Новасібірску каля манумента Славы. Ён прысвечаны 80-годдзю Перамогі і баявому шляху 96-й гвардзейскай стралковай Ілавайскай ордэна Леніна, Чырванасцяжнай, ордэна Суворава дывізіі — гэта нашы сібірскія героі, якія вызвалялі Слуцк, Бабруйск, Пружаны і Мінск. Мы ідзём іх гераічным шляхам».
Удзельнікі мотапрабегу праехалі 5160 кіламетраў, аддаючы даніну павагі подзвігу продкаў.
— Шлях не просты, але гэта нішто ў параўнанні з тым, што зрабілі нашы продкі, —адзначыў Сяргей Забашта. У знак удзячнасці да пружанскай зямлі ён перадаў кіраўніцтву раёна юбілейны медаль і кнігу «Новасібірск — горад доблесці», у якой сабраны архіўныя дакументы аб працоўным подзвігу жыхароў горада ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Яна апісвае, як забяспечвалася бесперабойная вытворчасць ваеннай і грамадзянскай прадукцыі на прамысловых прадпрыемствах, уносіўся вялікі ўклад у Перамогу.
Удзельнікі мітынгу ўсклалі кветкі да манумента, ушанавалі памяць загінуўшых мінутай маўчання і разгарнулі копію сцяга Ілавайскай дывізіі. Мерапрыемства стала сімвалам памяці і падзякі героям, якія вызвалялі беларускую зямлю ад фашызму.
Крысціна АСІПЧУК
Фота Кацярыны Масік
