Суббота, 18 апреля 2026

Яго жыццё як душэўная песня… Уладзімір Грышкевіч — чалавек, у біяграфіі якога гарманічна зліліся дзве, здавалася б, далёкія стыхіі: строгасць ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння і вольная паэзія песні

758

Жыццё часам піша дзіўныя партытуры, дзе радкі лёсу пераплятаюцца з нотамі, а ваенная выпраўка змякчаецца лірычным смуткам гітарных акордаў.

Уладзімір Барысавіч амаль 30 гадоў прысвяціў службе Айчыне, прайшоў ваенны шлях ад лейтэнанта да палкоўніка РВСН, але ў душы заўсёды заставаўся тым самым хлапчуком з Пружан, для якога музыка была не проста захапленнем, а ціхім сховішчам, месцам, дзе нараджаліся аўтарскія вершы і мелодыі. Баян, гітара, палігоны, вучэнні — усё пераплялося ў адну песню, якую ён працягвае спяваць і сёння. Цяга да мастацтва пачалася яшчэ з малых гадоў, калі Вова бегаў крадком слухаць акардэон.

— Дзяцінства маё прайшло ў Свярдлоўскай вобласці, у
г. Ніжні Тагіл, куды бацькі паехалі па камсамольскай пуцёўцы. Памятаю, як цудоўна іграў наш сусед, мне тады гадоў пяць было. Я так гэтым захапіўся, нават сам нешта спрабаваў складваць. Калі вярнуліся з бацькамі ў Пружаны, я сам запісаўся ў музычную школу па класе ігры на баяне. І так усё пайшло. Я вельмі ўдзячны свайму педагогу Людміле Уладзіміраўне Дэйка, якая развіла ў мяне і слых, і музычны густ, прывіла любоў да творчасці, да працы і цярпення. Гітара з’явілася крыху пазней, недзе ў класе сёмым, калі сябар паказаў некалькі акордаў, а далей усё асвоіў сам. Я лічу, што ў любым жанры мастацтва таленту мала, патрэбны жаданне і працавітасць, толькі тады ўсё атрымаецца, — падкрэсліў музыкант.

Жыццё гэтага дзіўнага чалавека падзялілася на два перыяды: у першым ён увасобіў мару сваёй маці і стаў ваенным, а пасля звальнення ў запас з галавой акунуўся ў музыку, як хацеў яго бацька. Служба ў ракетных войсках патрабавала дакладнасці і адказнасці, але нават у строгіх вайсковых буднях знаходзілася месца для творчасці. Ён заўжды выступаў на вечарах адпачынку, святочных канцэртах. Магчыма, менавіта кантраст паміж ваеннай дысцыплінай і душэўнай лірыкай зрабіў яго вершы і песні такімі пранікнёнымі — у іх ёсць і сіла, і пяшчота, і тая самая шчырасць, якую не падробіш:


Я пишу, когда душу слова
наполняют,
Я пишу, когда льются слова
через край.
Я пишу о себе, о любви или
маме,
Я пишу лишь о том, что я
в жизни познал.
И, быть может, не очень-то
складно,
И нота фальшивит, и голос
дрожит.
Но я вас прошу — пусть все
будет ладно,
Ведь я от души — лишь о том,
что болит.

— Вершы складаў я заўсёды: і ў школе, і ў ваенным вучылішчы, акадэміі, і пасля, калі служыў. І зараз пішу пра тое, што мяне напаўняе: пра жыццё, каханне, родны горад і службу. Шмат песень прысвяціў каханай жанчыне, сваёй жонцы Ніне Міхайлаўне, якая суправаджае мяне на ўсіх выступленнях. Яшчэ яна самы сур’ёзны крытык, бо першая чуе мае навінкі. Недзе падказвае, нешта папраўляе, яе меркаванню я цалкам давяраю. Часам, вядома, не зусім згодны, тады мы падоўгу разважаем і спрачаемся, але ў гэтым і нараджаецца вялікая сіла слова, — з усмешкай кажа Уладзімір.

На шырокую аўдыторыю выйшаў упершыню 10 гадоў таму. Яго прыяцель, выдатны паэт, музыкант, гітарыст Аляксандр Казей, папрасіў выступіць у Вялікім Сяле на пленэры мастакоў-перадзвіжнікаў ХХІ стагоддзя. Пасля гэтага адбыўся сапраўдны прарыў — ён зноў адчуў сцэну і гледача, здабыў упэўненасць і жаданне выступаць. Яго пачалі запрашаць на розныя мерапрыемствы раёна і вобласці, і вось так «кола фартуны» закруцілася. А потым з лёгкай рукі дырэктара Пружанскай цэнтральнай бібліятэкі Таццяны Гуторкінай пачаліся творчыя вечарыны, камерныя сустрэчы з прыхільнікамі бардаўскай песні.

На сённяшні дзень у рэпертуары музыканта больш за 100 аўтарскіх песень. Многія з іх нараджаюцца проста імгненна, а некаторыя патрабуюць глыбокага асэнсавання і да-працоўкі. Уладзімір працягвае пісаць пра горад, дзе прайшло яго дзяцінства, і які да гэтага часу застаецца крыніцай нат-хнення. Там ён упершыню пачуў музыку, навучыўся адчуваць яе не толькі пальцамі, але і сэрцам. Нават пасля многіх гадоў службы, камандзіровак і пераездаў, у сваёй творчасці ён вяртаецца да тых самых абшараў, адкуль усё пачыналася.

Цыкл твораў Уладзімір Барысавіч прысвяціў знакамітым бардам, паэтам-песеннікам — Уладзіміру Высоцкаму, Булату Акуджаве, герою вайны 1812 года Дзянісу Давыдаву. Іх галасы ўвесь час гучалі ў яго душы, іх вершы вучылі гаварыць з навакольным светам зусім па-новаму, з нейкім асаблівым трапяткім пачуццём: глыбока, шчыра, адкрыта… У іх ён знаходзіў тую самую інтанацыю, якая пераўтварае словы і музыку ў споведзь.

Цяпер імя пружанскага барда Уладзіміра Грышкевіча ведаюць не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. У мінулым годзе ён стаў лаўрэатам маскоўскага фестывалю аўтарскай песні «Перадзелкінскія строфы», дыпламантам Міжнароднага фестывалю аўтараў сучаснага раманса і лірычнай песні «Зачараванне» і многіх іншых. Ад яго песень сціскаецца горла і замірае сэрца. Сіла творчасці музыканта заключаецца ў простых рэчах: у трапяткім стаўленні да Радзімы, у памяці пра сяброў, у бязмежнай любові да блізкіх і ў кароценькіх рыфмах, пачуўшы якія, не забудзеш ужо ніколі…


Ірына Велясевіч
Фота аўтара