
Беларусь адсвяткавала Дзень Незалежнасці. Менавіта 3 ліпеня 1944 года была вызвалена сталіца краіны — горад Мінск.
Што адметна, мы адна з нешматлікіх краін постсавецкай прасторы, якая сваё галоўнае свята — Дзень Незалежнасці адзначае не тады, калі аддзялілася ад Савецкага Саюза, а калі Мінск стаў свабодны ад акупантаў. І хоць яшчэ да Вялікай Перамогі заставалася крыху меней за год, наша сінявокая Беларусь уздыхнула свабодна. Наперадзе былі вялікія будоўлі па аднаўленні ўсяго, што было парушана вайной. Мы гэта змаглі ўсе разам.
Наша галоўнае свята амаль трыццаць гадоў мы адзначаем з размахам, ярка, весела.
Так было і ў Пружанах. Але, перш чым пачаць шырокае святкаванне, пружанцы разам з кіраўніцтвам раёна аддаюць даніну павагі тым, хто не дажыў да гэтага дня, цаной свайго жыцця вызваліў Пружаншчыну ад фашыстаў, працаваў дзеля Перамогі ў тыле. Каля помніка «Спаленым вёскам» прайшлі ўрачысты мітынг, ускладанне вянкоў і кветак.
Затым пад гукі духавога аркестра калона накіравалася на галоўную плошчу горада. Тут прайшло свята «Квітней, мая родная Беларусь!» з
удзелам майстроў мастацтваў раёна.
З урачыстай прамовай да прысутных звярнуўся старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, які нагадаў аб слаўным мінулым краіны, Пружаншчыны, аб упэўненых кроках у будучыню.
Прывітальнае слова ад імя старшыні Брэсцкага аблвыканкама Пятра Пархомчыка зачытаў і ўручыў кіраўніку раёна першы намеснік старшыні камітэта па архітэктуры і будаўніцтва аблвыканкама Аляксей Драбышэўскі.
Сілу, мужнасць, канцэнтрацыю на сваіх дзеяннях, зладжанасць паказалі байцы разведвальнага батальёна 11-й асабовай гвардзейскай механізаванай брыгады.
Водную феерыю, якая прыйшлася даспадобы дзецям, наладзілі супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях.
На працягу дня жыхарам і гасцям горада не давалі сумаваць рэтра вумэн трыа «Ружовыя ружы» з г. Мінска, кавер-гурт «Слайды» з г. Брэста.
Фіналам свята стала акцыя «Праспяваем Гімн разам». Словы яго падхапілі ўсе, хто прысутнічаў на плошчы.
Святочны салют размаляваў неба горада вогненнымі рознакаляровымі кветкамі.
Віктар Ільюшчанка
Фота Кацярыны Масік
