15 студзеня 2025 года Пружанскаму раёну споўнілася 85 гадоў. За мінулы час на пружанскай зямлі адбылося нямала падзей, якія істотна змянілі аблічча рэгіёна, жыццё людзей. Працягваем успамінаць самыя значныя з іх.
Прызнацца, сумна было чытаць звесткі пра падзеі на Пружаншчыне ў гэтай пяцігодцы. Амаль па ўсіх накірунках сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна адныя «мінусы», гаворка ідзе толькі пра недахопы і праблемы. Адзіная надзея грамадства — інстытут прэзідэнцтва, які пачаў сваю дзейнасць у другой палове 1994 года. Вынікаў пакуль было нябачна, але, як даказана пазней, адзінаначалле патрэбна не толькі на ўзроўні прадпрыемстваў, раёна, вобласці, але і цалкам краіны. А ў першыя гады дзейнасці Прэзідэнту давялося пераадольваць вельмі сур’ёзныя, нават застарэлыя праблемы…
1990-1995 гады:
60 факт. Падчас падвядзення вынікаў гэтай пяцігодкі пахваліцца не было чым: з вызначаных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна выкананы былі толькі… выпуск тавараў народнага спажывання (105%) і ўраджай агародніны (100,1%). Найбольш горшая сітуацыя ў сельскай гаспадарцы: льновалакна атрымана 63% да плану, цукровых буракоў — 69%. Самы вялікі недабор бульбы: усяго 32% ад патрэбнага. У разліках не хапала наяўных грошай, у прыватнасці, зарплату на заводзе радыёдэталяў выдавалі… цукрам.
61 факт. Паток «чарнобыльскіх» перасяленцаў у Пружаны павялічыўся, нават было прынята рашэнне аб дзяржаўнай падтрымцы будаўніцтва жылля для такіх пацярпелых. У выніку на вуліцы Заводскай выраслі некалькі пяціпавярховак. А яшчэ перасяленцы вырашылі стварыць уласную суполку, якую назвалі ГА «Абарона дзяцей Чарнобыля» (1995).
62 факт. 1 лютага 1988 года быў створаны Пружанскі райгаз, які стаў прадвеснікам газіфікацыі раёна прыродным газам. А прыйшло «блакітнае паліва» ў Пружаны ў 1992 годзе, калі пачалася газіфікацыя гарадскіх вуліц.
63 факт. Самым абмяркоўваемым пытаннем стала рэформа ў аграпрамысловым комплексе нашага раёна. Некаторыя прапанавалі падзяліць калгасы на паі і раздаць іх работнікам. Іншыя бачылі выйсце ў акцыянаванні гаспадарак. Трэція спадзяваліся на «заходні» варыянт — фермерызацыю. Дарэчы, апошніх было больш, у тым ліку і саміх прэтэдэнтаў-фермераў: на 1995 год на пружанскай зямлі працавалі 23 сялянска-фермерскія гаспадаркі. Час вызначыў лепшы напрамак, які мы можам бачыць сёння.
64 факт. Нягледзячы на сацыяльныя і эканамічныя складанасці, грамадскае жыццё працягвалася. Напрыклад, у 1993 годзе аднавіліся набажэнствы ў касцёле, а ў 1995 годзе адчыніў свае дзверы новы будынак Слабадской школы.
